На Прывакзальнай плошчы Мінска можа з'явіцца тэрмінал для таксовак
![Таксі на вакзале Мінска, ілюстрацыйнае фота](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-11/taxi-0111.jpg.webp?itok=BG3OV6zU)
Таксі на вакзале Мінска, ілюстрацыйнае фота / av.by
На Прывакзальнай плошчы Мінска можа з'явіцца тэрмінал для таксовак. Пра гэта старшыню Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава папрасілі кіроўцы сталічных таксовак. 1 лістапада яны прыйшлі на прыём да чыноўніка, паведамляюць "Мінск-Навіны".
Кіроўцы паскардзіліся, што яны не могуць чакаць пасажыраў без парушэння ПДР. Каля чыгуначнага вакзала ёсць адна транзітная дарожка і невялікая стаянка для аўто, якой недастаткова для ўсіх.
На прыпынак для пасадкі і высадкі пасажыра ў гэтым месцы адводзіцца не больш за 5 хвілін. А правілы службы таксі лічаць, што заказ не адбыўся, пасля 10 хвілін чакання. Пры гэтым нават за "законныя" 5 хвілін даводзіцца ці падпіраць іншыя машыны, ці аб'язджаць іх па бардзюры.
Таму таксоўцы прапанавалі зрабіць на Прывакзальнай плошчы тэрмінал, дзе спыняцца і прапаноўваць паслугі змогуць толькі таксоўкі, якія падпісалі адпаведную дамову. Астатнім аўтамабілістам застанецца магчымасць толькі пасадкі-высадкі пасажыраў.
Старшыня Мінгарвыканкама паабяцаў, што спецыялісты вывучаць гэтую сітуацыю і прапануюць аптымальнае рашэнне праблемы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.