На прэзідэнцкіх выбарах ЦВК плануе зэканоміць як мінімум 7 мільёнаў долараў

Па падліках Цэнтрвыбаркама, эканомія на адначасовым правядзенні будучых прэзідэнцкіх выбараў і выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў складзе каля 7 мільёнаў долараў. Жадаючым паўдзельнічаць у выбарах застаецца толькі выбраць, на якой кампаніі сканцэнтраваць увагу. Праўда, Аляксандра Казуліна загадзя просяць не турбавацца - яго кандыдатуру ўсё адно не зарэгіструюць. Па словах сакратара Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазавіка, прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней, як за 2 месяцы да 8 сакавіка 2011 года - афіцыйнага тэрміна сканчэння паўнамоцтваў папярэдняга прэзідэнта. Прыблізна ў гэты ж час, з розніцай у 3 месяцы, надыходзіць тэрмін і чарговых выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. У Цэнтрвыбаркаме лічаць, што гэта добрая падстава зэканоміць.

Мікалай Лазавік: "Напэўна, для Беларусі занадта вялікая раскоша праводзіць такія маштабная і дарагія палітычныя мерапрыемствы, якія па-разумнаму можна аб'яднаць і зэканоміць вялікія бюджэтныя сродкі".

Колькі дакладна можа зэканоміць бюджэт, у Цэнтрвыбаркаме пакуль не лічылі. Лазавік кажа, што на ўдзел аднаго выбарніка ў галасаванні дзяржава траціць каля 1 долара.

Мікалай Лазавік:
"Выбарчая кампанія абыходзіцца, калі браць па самаму мінімуму, 1 долар на выбарца. 7 мільёнаў выбарцаў даюць нам эканомію у 7 мільёнаў долараў".

Палітолаг Юры Чавусаў згодны з тым, што арганізацыйна і эканамічна лепш аб'яднаць выбары, якія і так амаль супадаюць па часе правядзення. А вось палітычны складнік такога аб'яднання для апазіцыі не вельмі спрыяльны.

Юры Чавусаў: "Нічога добрага ў гэтым няма. Хтосьці сканцэнтруецца на мясцовых кампаніях, а мог бы працаваць на прэзідэнцкія выбары. Зрэшты, гэта залежыць ад таго, як пройдзе вылучэнне кандыдатаў апазіцыйных - будзе адзіны кандыдат ці будзе некалькі партыйных кандыдатаў. Палітычная карысць такога аб'яднання для дзейсных уладаў відавочна".

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік лічыць, што цікавасць выбарцаў да прэзідэнцкай кампаніі павялічыць іх цікаўнасць і да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Прынамсі, калі ўжо прыйшоў выбіраць прэзідэнта - не складана адначасова прагаласаваць і за дэпутата. А тое, што правядзенне адначасова дзвюх выбарчых кампаній дадасць арганізацыйнага клопату Цэнтрвыбаркаму, то вялікай бяды ў гэтым Лазавік не бачыць. Кажа, больш клопату будзе, калі арганізоўваць дзве кампаніі адну следам за другой.

На пытанне Еўрарадыё, колькі, на яго думку, чалавек захочуць балатавацца кандыдатам у прэзідэнта, сакратар Цэнтрвыбаркаму адразу назваў прозвішча Гайдукевіча. А вось Аляксандру Казуліну параіў дарэмна з нагоды выбараў не турбавацца.

Мікалай Лазавік: "Напэўна, і Аляксандр Казулін выказаў бы жаданне вылучацца. Але заканадаўства не дазволіць яму гэтага рабіць - наяўнасць судзімасці з'яўляецца перашкодай для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты".

Па словах Уладзіміра Лабковіча, які працаваў назіральнікам на апошніх парламенцкіх выбарах, адначасовае правядзенне прэзідэнцкіх выбараў і выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў тэхнічных складанасцяў для працы назіральнікаў не стварае. Галоўнае, кажа, каб улады ўвогуле далі назіральнікам магчымасць нармальна працаваць.

Уладзімір Лабковіч: "Напрыклад, аб'яднанне парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў стварае цяжкасці выключна структурнага характару. Бо іншая сістэма камісій. А пры мясцовых выбарах і прэзідэнцкіх камісіі аднолькавыя. Таму - толькі добрая воля ўладаў, якой яны, на жаль, падчас парламенцкіх выбараў не прадэманстравалі, адзінае, што ўплывае на працу назіральнікаў".

Тэрмін выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў па заканадаўстве вызначае адпаведным Указам прэзідэнт. А тэрмін прэзідэнцкіх выбараў вызначаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Здагадацца, ад каго залежыць, каб гэтыя тэрміны супалі, не складана. Галоўнае, каб выбарцы падчас галасавання не заблыталіся ў шматлікіх бюлетэнях.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі