Вы тут

На матч мінскага "Дынама" не прадаюць квіткі

На стадыёне "Дынама" / Еўрарадыё

Анлайн-продаж квіткоў на матч "Дынама-Мінск" — "Смалявічы", які пройдзе 7 жніўня на сталічным стадыёне "Дынама", спынены. Адпаведная старонка  на сайце аператара Ticketpro не адчыняецца. 

У касах (афлайн) квіткі можна купіць толькі за пару гадзін да гульні.

"Вядома, гэта зроблена з ініцыятывы арганізатара мерапрыемства, а не з нашай. На працягу гадзіны мы даведаемся прычыну прыпынення продажу квіткоў. Або звярніцеся з гэтым пытаннем непасрэдна да арганізатара — футбольнага клуба "Дынама-Мінск", — заявілі парталу TUT.by у інфармацыйным аддзеле Ticketpro.

У прэс-службе клуба, аднак, сітуацыю пракаментаваць не змаглі. 

На стадыёне "Дынама" запэўніваюць, што гульня абдудзецца згодна з раскладам. А наконт продажу квіткоў праз Ticketpro там не ведаюць — кажуць, што гэта пытанне да клуба.

"Звычайна заўзятары могуць купіць квіткі ў касе ля ўваходу на стадыён. Яна адчыняецца за дзве гадзіны да пачатку сустрэчы. Ці будзе гэтак жа арганізавана рэалізацыя квіткоў сёння — пытанне да ФК "Дынама", — патлумачыў спецыяліст аддзела арганізацыі мерапрыемстваў стадыёна "Дынама" Дзмітрый Дзямідзік.

Магчыма прычына ў тым, што ўчора на матчы ў Салігорску паміж мясцовым "Шахцёрам" і "Дынама-Брэст" амаль цалкам запоўненыя трыбуны пачалі скандаваць: "Жыве Беларусь!". Блогер Nexta ў сваім Telegram-канале паведаміў пра гэты факт і нагадаў, што сёння футбольны матч чэмпіянату Беларусі пройдзе на мінскім "Дынама".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.