Вы тут

На масавым судзе па "справе медыкаў" амаль усе падсудныя прызналі віну

svaboda.org

19 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд чарговай "справы медыкаў". Яна самая масавая, бо на лаве падсудных апынуўся 21 абвінавачаны. Сярод іх — 8 былых чыноўнікаў міністэрства аховы здароўя, інфармуе Радыё Свабода.

Было агучана, што абвінавачаныя бралі хабары ў памеры ад 50 еўра да 50 тысяч долараў. Амаль усе яны прызналі сваю віну. Дырэктар прадпрыемства "Цэнтр экспэртыз і выпрабаванняў" Мінздароўя Аляксандр Сталяроў не пагадзіўся, што атрымліваў хабары сістэматычна (грошы давалі найперш за паскораную рэгістрацыю лекавых сродкаў), не пагадзіўся і з агучанымі пракурорам сумамі.

Дырэктар прадпрыемства "Геол-М" Уладзімір Ладуцька абвінавачваецца ў перадачы хабараў кіраўнікам "Цэнтру экспэртыз і выпрабаванняў". Сваю віну ён прызнаў цалкам. У даванні хабару абвінавачваюць і Сяргея Шакуціна, брата вядомага бізнесмена Аляксандра Шакуціна (ён прыходзіў на суд і заявіў, што не верыць у вінаватасць брата), дырэктара кампаніі "Іскамед".

Суд працягнецца раніцай 20 жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.