На корце ў Раўбічах гуляе не Максім Мірны, а 70-гадовая бабуля

Еўрарадыё сталі вядомыя нечаканыя вынікі барацьбы дзяржавы з незаконнымі забудовамі. На беразе Раўбіцкага вадасховішча 70-гадовая бабуля незаконна пабудавала корт, які цяпер зносяць. А ў знакамітай “агурковай” вёсцы Альшаны Брэсцкай вобласці могуць знесці цяпліцы, таму што іх будавалі замест катэджаў.

Па словах старшыні камітэту Дзяржкантролю па Мінскай вобласці Уладзіслава Цыдзіка, з 1,5 тысячы выяўленых парушэнняў сёння ліквідавана толькі траціна. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці быў знесены незаконна пабудаваны ў Раўбічах тэнісны корт, на якім, нібыта, трэніраваўся “сам” Максім Мірны.


Доўгі час ні па адным з тэлефонаў Астрашыцка-Гарадоцкага сельскага выканаўчага камітэта, да якога адносіцца вёска Раўбічы, ніхто не адказваў. Нарэшце трубку зняла жанчына, якая адказала, што кіраўнік службы землеўпарадкавання звольнена з працы, а старшыня сельвыканкаму Зоя Муравіцкая знаходзіцца ў санаторыі на адпачынку. Сама ж яна… супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў. І там яны знаходзяцца ў сувязі з выяўленымі парушэннямі.


Супрацоўніца Мінфіну: “Сёння тут праводзіцца рэвізія, пасля праверкі Дзяржкантролю. І ўсе выяўленыя парушэнні, якія павінны прадпісаннем быць ліквідаваныя, даюцца ў пісьмовай форме Дзяржкантролю заўтра. Па гэтых усіх пытаннях, адказах Дзяржкантролю і па прыняцці мер па ліквідаванні выяўленых парушэнняў будуць дакладаць у абласным Дзяржкантролі. Выклікаюць старшыню, і па кожным пункце парушэнняў будзе інфармацыя”.


Правяраючая адмовілася казаць, што робіцца мясцовымі ўладамі па ліквідаванні парушэнняў. Сказала толькі, што работа гэта вядзецца.


Што канкрэтна робіцца і які лёс сумнавядомага корта, Еўрарадыё даведалася ў пракуратуры Мінскага раёна.


Пракуратура: “Кантрольны выезд туды быў здзейснены 18 кастрычніка. Там ужо нават зялёнае пакрыццё знялі. Пра што можна казаць далей? Бетонныя слупы агароджы таксама ўжо знеслі”.


Больш за ўсё следчых пракуратуры здзівіла тое, што корт, паводле ўсіх афіцыйных папер, пабудавала сабе 70-гадовая маці гаспадара катэджа, што стаіць побач з ім.


Пракуратура: “Гэты злашчасны корт аформлены на старую бабулю. Я ўласніку задаваў пытанне. Кажу: “Ваша маці будзе гуляць у тэніс у 70-гадовым узросце?” Пагадзіцеся, тут узнікаюць пэўныя пытанні”.


Ці сапраўды на гэтым корце трэніраваўся Максім Мірны, пракуратуру, па словах следчага, цікавіла значна менш, чым факт незаконнага будаўніцтва. Але суцешыў, што ў выпадку, калі незаконнае будаўніцтва корта стане падставай для крымінальнай справы, то судзіць будуць не 70-гадовую бабулю.


Пракуратура: “У кожным канкрэтным выпадку будзем разбірацца, хто насамрэч з’яўляецца вінаватай асобай. У адносінах да канкрэтна вінаватага і будзе распачынацца крымінальная справа. Той, хто вінаваты, той і будзе адказваць, а не нейкая іншая асоба”.


Калі ў Мінскай, дый іншых абласцях Беларусі, дзе знойдзеныя парушэнні зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства, незаконна будуюцца катэджы, лазні, гаражы ды корты, то ў Альшанскім сельсавеце Столінскага раёна сітуацыя супрацьлеглая. Там на больш чым 900 участках, выдзеленых пад будаўніцтва катэджаў, людзі пабудавалі цяпліцы і вырошчваюць гуркі. Штодня ў сезон нарыхтоўкі адпраўляюць пакупнікам 600-700 тон вырашчанай прадукцыі – 25-35 фур. А гэта таксама з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Прычым, як стала вядома падчас праверак, “агуркаводствам” займаліся не толькі шараговыя грамадзяне, але і мясцовыя дэпутаты і супрацоўнікі сельвыканкамаў.


Намеснік кіраўніка камітэта Дзяржкантролю па Брэсцкай вобласці Аляксандр Касцюковіч расказаў Еўрарадыё, што сёння такіх “гурковых” участкаў засталося толькі каля 400. Хтосьці пачаў будаўніцтва, працягваючы гурковы бізнес, хтосьці адмовіўся ад участкаў. Еўрарадыё пацікавілася, ці не прымусяць і астатніх знесці цяпліцы.


Аляксандр Касцюковіч: “Не абавязкова гэтыя цяпліцы будуць зносіць. Як варыянт – будзе прапанавана здаць зямлю ў арэнду. Але гэтага людзі не вельмі хочуць, бо трэба больш плаціць за зямлю. Улічваючы тое, што там багата шматдзетных сем’яў, мясцовыя ўлады будуць шукаць іншае выйсце, каб усё было ў адпаведнасці з заканадаўствам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі