На Кіпры закрываюць рахункі афшорных кампаніяў

Цэнтральны банк Кіпра распарадзіўся закрыць рахункі афшорных кампаніяў —  адпаведны загад атрымалі мясцовыя камерцыйныя банкі. Гэта тачыцца кампаніяў з сумнеўных юрысдыкцыяў, кшталту Бэліза, Брытанскіх Віргінскіх астравоў і Сэйшэлаў.

Такое ўзмацненне кантролю за кліентамі звязанае з нядаўнім візітам прадстаўнікоў Казначэйства ЗША, пасля якога прафесійныя асацыяцыі Кіпра пачалі выдаваць цыркуляры адносна правілаў процідзеяння адмыванню грошай, фінансаванню тэрарызму і працы з кампаніямі з санкцыйных спісаў ЗША.

Кіпр яшчэ нядаўна называлі адной з асноўных афшорных зонаў. Але пасля далучэння краіны да Еўрасаюза ў 2004 годзе там была праведзеная падатковая рэформа, пачалася барацьба з афшорнымі кампаніямі — цяпер краіну ўсё часцей называюць проста нізкападатковай юрысдыкцый, паведамляюць замежныя СМІ са спасылкай на Forbes.