На Jazz Koktebel у хэдлайнера Bonobo скралі інструменты

У першы дзень фестывалю Jazz Koktebel адбыўся інцыдэнт. Пра яго Еўрарадыё даведалася з афіцыйнай старонкі ў Фэйсбуку Bonobo, дзе з’явілася інфармацыя, што з пакою гатэля, дзе спыняліся музыкі, скралі музычныя інструменты, ноўтбукі і абсталяванне.
 
Музыкі паведамілі прыхільнікам пра непрыемнасці, але, тым не менш, паабяцалі “лепшае шоў, якое можна зрабіць у дадзеных абставінах”.
 
“Так, сапраўды, такі інцыдэнт быў, — пацвярджае інфармацыю Еўрарадыё PR-дырэктар фэсту Ягор Кір’янаў. — Музыкі, канечне, вельмі ўсур’ез усё ўспрынялі, таму мы ўчора са свайго боку вельмі, канечне, выбачаліся. Але гэта абставіны, якія ад нас не залежаць, і мы не можам адказваць за рэчы, якія музыкі пакідаюць без нагляду”.
 
З боку наведвальнікаў, выпадак застаўся незаўважаным, яны кажуць пра “самае атмасфернае шоў, якое толькі можна было ўбачыць”.
 
“Прафесіяналізм Bonobo паказаў, што пры любых абставінах музыкі мусяць выходзіць на сцэну і працаваць, — дадае Ягор Кір’янаў. — Яго шоў сапраўды не пацярпела, толькі што, не хапала духавых інструментаў, якія мы ўсё ж не змаглі знайсці да выступлення”.
 
Нагадаем, 12 верасня ва Ўкраіне стартаваў першы дзень фестывалю Jazz Koktebel, які сабраў 5 тысяч чалавек. Хэдлайнерам гэтага дня быў брытанскі музыка Bonobo які са сваім гуртом прэзентаваў новую праграму “The North Borders”. Выступленне двух беларускіх гуртоў — Shuma і Tanin Jazz — прызначанае на нядзелю, 15 верасня.
 

Фота: www.facebook.com/koktebeljazz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі