На дарозе загінулі тры чалавекі, параненае дзіця

У Баранавіцкім раёне ў выніку ДТЗ загінулі дзве жанчыны і 15-гадовы хлопчык, цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымала 8-гадовая дзяўчынка. Як паведаміла БелаПАН начальнік аддзялення прапаганды і прафілактыкі УДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, аварыя адбылася 6 лістапада ў 14.10 на 38 км аўтадарогі Баранавічы — Гродна непадалёку ад вёскі Тартакі. Жыхарка горада Стоўбцы Мінскай вобласці, 1975 года нараджэння, на аўтамабілі "Мазда 626" пры абгоне грузавога аўтамабіля не пераканалася ў бяспечнасці манеўру, выехала на паласу сустрэчнага руху і ўчыніла лабавое сутыкненне з грузавіком "Рэно-Магнум" (сядзельны цягач з паўпрычэпам).  Ім кіраваў вадзіцель адной з маскоўскіх фірм (жыхар горада Слоніма
Гродзенскай вобласці, 1969 года нараджэння). У выніку ДТЗ вадзіцель
"Мазды" і яе пасажыры — жанчына 1947 года нараджэння і хлопчык 1993
года нараджэння —загінулі на месцы аварыі; васьмігадовая дзяўчынка
атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні і змешчана ў бальніцу. Медыкі
ацэньваюць яе стан як цяжкі. Вадзіцель цягача не пацярпеў. Следчым
аддзяленнем Баранавіцкага РАУС распачата крымінальная справа па ч. 3
арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі
аўтадарожных транспартных сродкаў). З пачатку года ў Брэсцкай вобласці
зарэгістравана 775 ДТЗ, у якіх 168 чалавек загінулі і 803 атрымалі
траўмы рознай ступені цяжкасці.