На брытанскі пляж прыплыў гіганцкі чалавечак Lego

Двухметровая фігурка чалавечка з канструктара Lego была знойдзеная ў чацвер на пляжы Брайтана ў Брытаніі, паведамляе ВВС. На грудзях фігуры-волата быў напісаны слоган: Не менш рэальны, чым ты. Фігурку ў хвалях прыбою заўважыў мясцовы жыхар Пітэр Макнівэн па дарозе на працу. "Я зрабіў пару фотаздымкаў, таму што не кожны дзень бачыш такое. Тут шмат гавораць пра тое, што ён прыплыў сюды з Галандыі, аднак мора не пакінула на ім слядоў", - паведаміў ён. Для прадстаўніцтва фірмы Lego з'яўленне фігуркі было поўнай нечаканасцю. "Для нас з'яўленне гіганцкай фігуры Lego стала неспадзеўкай. Наколькі мы разумеем, за ўсім гэтым стаіць галандскі мастак Эга Леанард - яго выстава адбудзецца ў Лондане праз некалькі тыдняў", - пракаментаваў сітуацыю прадстаўнік прэс-службы кампаніі. Версія пра тое, што фігурка Lego прыбыла на брытанскі пляж з Галандыі, паўстала з-за таго, што летась падобная фігурка чалавечка з канструктара з'явілася на адным з галандскіх пляжаў. BBC

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі