На Броннай гары адкрыта шыльда ў памяць аб ахвярах Халакоста

На Броннай гары ў Бярозаўскім раёне сёння адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць аб ахвярах Халакоста. На дошку нанесены надпіс на ідыш, іўрыце, беларускай і англійскай мовах. Як паведаміў старшыня Брэсцкага гарадскога яўрэйскага грамадскага аб'яднання "Брыск" Барыс Брук, ідэя ўстанавіць мемарыяльную дошку належыць членам Сусветнай арганізацыі брыскераў (у яе ўваходзяць нашчадкі яўрэяў, якія загінулі ў Брэсцкім гета).

У цырымоніі адкрыцця памятнага знака ўзялі ўдзел члены брэсцкай гарадской яўрэйскай абшчыны, дэлегацыі брыскераў з Ізраіля і ЗША, прадстаўнікі мясцовай улады.

У знак жалобы аб ахвярах Халакоста былі запалены свечкі, прагучала памінальная малітва.

Як зазначыў Брук, пахаванне ва ўрочышчы Бронная гара — адно з найбуйнейшых у Беларусі. Тут у 1941-1942 гадах фашысты расстралялі больш за 50 тысяч яўрэяў. З іх 26 тысяч былі вязнямі Брэсцкага гета.

"Гэта практычна ўсё яўрэйскае насельніцтва, якое пражывала тады ў Брэсце і ў найбліжэйшых населеных пунктах, — сказаў Брук. — Усяго на Брэстчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны нацысты знішчылі амаль 250 тысяч яўрэяў.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі