На Брэстчыне забаранілі першамайскія пікеты

Улады Брэста і Баранавічаў не дазволілі мясцовым актывістам адзначыць Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных. Заяўку на пікет у Баранавічах падалі актывісты прафсаюзу РЭП. Планавалася, што ў ім прыме ўдзел каля 15 чалавек. Яго ўдзельнікі хацелі выказаць пратэст у сувязі з ростам коштаў і падзеннем заробкаў працоўных. Таксама пікетоўшчыкі збіраліся патрабаваць адмены Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які парушае, на думку актывістаў, правы грамадзян.

Кіраўніцтва горада адмовіла прафсаюзу у правядзенні акцыі, хоць актывісты і выканалі ўсе патрэбныя ўмовы для правядзення масавага мерапрыемства.

Па словах лідара баранавіцкай прафсаюзнай суполкі РЭП Рыгора Грыка, ён своечасова падаў у гарвыканкам заяўку на пікет і гарантыі, што тэрыторыя пасля правядзення пікета будзе прыбраная. Таксама была створана група з трох чалавек для аховы грамадскага парадку. Актывісты заключылі неабходную дамову з гарадской паліклінікай па абслугоўванні акцыі, запланаванай у дазволеным гарвыканкамам месцы.

27 красавіка Рыгор Грык падаў скаргу ў суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы на рашэнне гарвыканкама аб забароне першамайскага пікета. Ён спадзяецца на станоўчае для сябе рашэнне суда.

Грык: “Я замовіў пікет на Першага траўня, але мне адмовілі. Я лічу, што гэта было зроблена неправамоцна. Юрыст склаў скаргу, і я падаў яе ў Баранавіцкі суд — будзем судзіцца. Такі прэцэдэнт ужо быў, і суд прызнаў, што гарвыканкам неправамоцна мне адмовіў. Так што, калі суд не змяніўся, то ўсё будзе добра — выйграем гэту справу”.

Акцыя з падобнымі лозунгамі аб правах працоўных планавалася і ў абласным цэнтры. Заяўку на яе падалі актывісты БСДП (Грамада). Аднак Брэсцкі гарвыканкам таксама не дазволіў правядзенне першамайскага мерапрыемства.

Фармальнай падставай для адмовы стала тое, што ўдзельнікі дэманстрацыі хацелі зладзіць шэсце на адлегласці менш за 50 метраў ад устаноў адукацыі, аховы здароўя і органаў улады.

Старшыню Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігара Маслоўскага найбольш абурае ў гэтай забароне тое, што літаральна некалькі дзён таму мясцовыя ўлады на афіцыйным ўзроўні сустракалі ўдзельнікаў мотапрабегу “Начныя ваўкі”. Расійскім байкерам не прыйшлося праходзіць  працэдуру падачы заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства. Актывіст вельмі сумняецца, што хтосці з чыноўнікаў узгадняў маршрут матацыклістаў і тым больш падлічваў, на якой адлегласці яны праязджалі ад згаданых будынкаў.

Маслоўскі: “З аднаго боку, улады сустракаюць нейкіх “Начных ваўкоў”, а з другога — забараняюць уласным грамадзянам праводзіць акцыю нават у дзяржаўнае свята. Гэта, безумоўна, парадокс. Зараз у Брэсце адбываецца скарачэнне працоўных месцаў, прадпрыемствы пераходзяць на двух- ці трохдзённы працоўны тыдзень, шмат іншых праблем працоўных — усё гэта было заяўлена ў нашай дэманстрацыі”.

За апошнія пятнаццаць гадоў толькі аднойчы — у 2013 годзе — улады дазволілі актывістам правесці першамайскую дэманстрацыю. Дарэчы, яе маршрут быў тады такі ж самы, які планаваўся і сёлета

Фота — dzedzich.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі