На беларуска-літоўскай мяжы знайшлі яшчэ адзін тунэль
Тунэль пад беларуска-літоўскай мяжой / vsat.lrv.lt
Літоўскія памежнікі выявілі яшчэ адзін недабудаваны тунэль, які ішоў пад мяжой з тэрыторыі Беларусі. Як паведамляе прэс-служба памежнікаў, яго знайшлі ў Варэнскім раёне. У гэтым месцы Беларусь і Літву падзяляе безназоўны ручай.
Памежнікі пабачылі групу мігрантаў — каля дваццаці чалавек. Заўважыўшы памежнікаў, тыя ўцяклі на тэрыторыю Беларусі. Недалёка ад гэтага месца на беразе ручая, за дзесяць метраў ад металічнай агароджы памежнікі выявілі недабудаваны тунэль даўжынёй каля 11 метраў. Ён мусіў праходзіць пад патрульнай сцежкай углыб літоўскай тэрыторыі. Побач з тунэлем ляжалі расцягнутыя бярвёны — імаверна, прызначаныя для апор, выкапаны пясок, а ў самім тунэлі — вёдры.
Памежнікі адзначаюць, што тунэль быў недабудаваны, выхаду далей за патрульную сцежку не было, таму парушальнікі мяжы не мелі магчымасці трапіць у Літву праз яго. Яны засыпалі тунэль зямлёй.
Гэта не першы такі падземны ход, выяўлены за апошні час. Некалькі падземных хадоў былі выяўленыя раней.