МЗС: Расійскі бок ўбачыў праблему там, дзе не бачыў яе два дзясяткі гадоў
Існуючая сістэма перасячэння беларуска-расійскай мяжы эфектыўная, разумная і дастатковая з пункту гледжання забеспячэння бяспекі. Такую заяву зрабіў 24 лістапада на брыфінгу ў Мінску прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Паводле яго слоў, у Беларусі лічыць адным з найбольш значных дасягненняў у рамках саюзнай дзяржавы "менавіта адсутнасць мяжы паміж нашымі краінамі — гэта рэальная свабода перамяшчэння для грамадзян Беларусі і Расіі, а таксама трэціх краін". Таксама адзначаюцца "велізарныя плюсы ў чыста чалавечым і ў эканамічным плане, у тым ліку за кошт прывабнасці транзіту праз Расію і Беларусь для замежных грамадзян", інфармуе БелаПАН.
Мірончык падкрэсліў, што для грамадзян трэціх краін "гэтая зручнасць зусім не азначала бескантрольнасць", паколькі на беларускую ці расійскую тэрыторыю яны прыбываюць праз міжнародныя пункты пропуску і на падставе сапраўдных віз. Да таго ж, пры выдачы віз і памежным кантролі краіны арыентуюцца на адзіны спіс замежнікаў, уезд якіх непажаданы. Пры ўездзе замежнікі атрымліваюць міграцыйныя карты, яны абавязаныя іх прад'яўляць пры выездзе, а таксама пры кантролі падчас знаходжання на тэрыторыі нашых дзяржаў. "Гэта значыць любыя злоўжыванні даволі лёгка выяўляюцца і караюцца", — сказаў прэс-сакратар.
"Цяпер расійскі бок ўбачыў праблему там, дзе не бачыў яе два дзясяткі гадоў — у адсутнасці міжнародных пунктаў пропуску на нашай агульнай мяжы", — заявіў Дзмітрый Мірончык. Паводле яго слоў, калі расіяне лічаць, што гэта для іх нязручна, тады трэба пытанне вырашаць. Зрабіць гэта можна не толькі шляхам абсталявання расійскім бокам пунктаў пропуску, але і з дапамогай узаемнага прызнання віз для мэт транзіту. Гэты механізм быў створаны ў рамках СНД, але ў пачатку 2000-х менавіта Масква першай ад яго адмовілася.
Як чакаецца, у бліжэйшы час беларускія і расійскія эксперты правядуць сустрэчу для абмеркавання гэтага пытання. "Для нас прынцыпова, каб у той час, калі мы спрабуем вырашыць гэтую сітуацыю, не рабіліся нейкія рэзкія аднабаковыя дзеянні, якія ствараюць праблемы для грамадзян трэціх краін і для нашых кампаній", — сказаў Мірончык.
Як паведамляла Еўрарадыё. 22 лістапада кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства Сяргей Лаўроў заявіў, што Расія не выключае адкрыцця часовых міжнародных пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.