Вы тут

МЗС Літвы адказала на запыт пра выдачу Ціханоўскай: хутчэй пекла замерзне

Габрыэлюс Ландсбергіс / Прэс-служба МЗС Літвы

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс пракаментаваў запыт Генпракуратуры Беларусі на выдачу Святланы Ціханоўскай.

Па яго словах, якія перадае прэс-служба МЗС, Літва будзе каменным мурам, за якім знойдуць прытулак усе дэмакратычныя сілы, якіх пераследуе рэжым: "Кожны, хто знайшоў прытулак у Літве, можа адчуваць сябе ў бяспецы, што яго не перададуць рэжымам — ні праз яго барацьбу за дэмакратыю, ні праз барацьбу за свабоду слова або рэлігіі".

Звяртаючыся да беларускіх уладаў міністр перайшоў на высокую патэтыку: "А беларускаму рэжыму мы можам сказаць: хутчэй пекла замерзне, чым мы пачнем разглядаць вашыя патрабаванні".

Як павеадмляла Еўрарадыё, Генпракуратура Беларусі даслала ў Літву запыт на экстрадыцыю Святланы Ціханоўскай. Яе хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці "за злачынствы супраць парадку кіравання, грамадскай бяспекі і дзяржавы". Нагодай стала нарада ў Гомелі, дзе яе давераныя асобы рыхтаваліся да паслявыбарных пратэстаў. Усе яны былі затрыманыя яшчэ да выбараў, а цяпер крымінальная справа на чатырох з іх адпраўленая ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.