Вы тут

МЗС Ірака: няма доказаў "масавых расстрэлаў" мігрантаў, пра якія гаварылі на БТ

На польска-беларускай мяжы / twitter.com/Straz_Graniczna

У МЗС Ірака заявілі, што няма ніякіх доказаў "масавых расстрэлаў" мігрантаў на польска-беларускай мяжы. Пра іх няспынна распавядала беларуская дзяржаўная прапаганда, выкарыстоўваючы польскага дэзерціра Эміля Чэчку. Аднак афіцыйны прадстаўнік іракскага знешнепалітычнага ведамства Ахмед Ас-Сахаф кажа пра "адсутнасць якіх-небудзь надзейных і юрыдычных доказаў". Улады Ірака зімой 2022-га адрэагавалі на публікацыі ў Беларусі, пасольства ў Польшчы атрымала даручэнне вывучыць сітуацыю ў каардынацыі з польскім бокам. Справа ў тым, што сярод мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу, значную частку складалі якраз іракцы.

У выніку навіны пра "масавыя расстрэлы" назвалі "няслушнымі". Акрамя адсутнасці доказаў, звяртаецца ўвага на тое, што не было ніводнай афіцыйнай заявы грамадзян Ірака пра знікненне іх сваякоў на мяжы Польшчы і Беларусі. Тым не менш, расследаванне праводзіць спецыяльная група, створаная ўрадам Ірака, і яна прадставіць сваю справаздачу пасля яго завяршэння.

Чэчка перабег у Беларусь з Польшчы ў снежні 2021-га. Дэзерцір сцвярджаў, што сам удзельнічаў у расстрэлах мігрантаў, але не меў ніякіх доказаў. Тым не менш, яго выдумкі транслявалі беларускія дзяржаўныя тэлеканалы. У сакавіку 2022-га Эміля Чэчку знайшлі павешаным у Мінску. Прапаганда працягвае яго выкарыстоўваць і пасля смерці. Яго паказанні перадавалі ўладам Ірака. Аляксандр Лукашэнка ў траўні заявіў пра "дзясяткі, а можа і сотні магіл" на мяжы з Польшчай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.