Вы тут

МЗС і Дзяржкамваенпрам абвяргаюць гібель беларускіх спецыялістаў у Сірыі

vpk.gov.by

Міністэрства замежных спраў і Дзяржкамваенпрам Беларусі абвяргаюць звесткі пра гібель нашых суайчыннікаў у Сірыі, піша TUT.by.

15 красавіка ізраільскі сайт Debka паведаміў, што ад удару па Сірыйскім цэнтры навуковых даследаванняў і распрацовак у горадзе Масьяф загінулі і былі параненыя ваенныя спецыялісты з Сірыі, Ірана, Беларусі і Паўночнай Карэі. Па звестках ізраільскага сайта, карэйскія і беларускія спецыялісты займаліся мадэрнізацыяй ракет наземнага базіравання для Сірыі і "Хезбала", вытворчасцю цвёрдага паліва для ракет і устаноўкай новых сістэм дакладнай навігацыі. Паведамлялася, быццам большасць беларускіх ваенных спецыялістаў трапілі ў Сірыю праз дзяржаўную кампанію "Белзнешпрамсэрвіс".

У каментары Еўрарадыё прэс-служба Міністэрства абароны паведаміла, што ніводнага беларускага вайскоўцы ў Сірыі няма — толькі вайсковы аташэ.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз у каментары журналістам TUT.by заявіў: "Катэгарычна абвяргаем гэтую інфармацыю".

Прадпрыемства "Белзнешпрамсэрвіс" уваходзіць у структуру Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі (Дзяржкамваенпрама). Афіцыйны прадстаўнік Дзяржкамваенпрама Уладзімір Лаўранюк у сваім каментары падкрэсліў, што "Белзнешпрамсэрвіс" займаецца экспартам ваеннай тэхнікі, а не ракетнымі тэхналогіямі. "Таксама смею вас запэўніць, што прадстаўнікоў "Белзнешпрамсервісу" ў Сірыі няма", — дадаў ён.

І ў МЗС, і ў Дзяржкамваенпраме публікацыю ізраільскага партала назвалі фальсіфікацыяй.