МЗС Беларусі чакае, калі Еўрасаюз адменіць рэшту санкцый

МЗС Беларусі чакае, калі Еўрасаюз адменіць рэшту санкцый

Беларускія ўлады чакаюць, што Еўрасаюз адменіць тыя санкцыі, што яшчэ заталіся. Пра гэта ў інтэрв'ю венгерскай газеце Magyar Hírlap заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка. Пераклад інтэрв'ю 17 лютага абнародаваны на сайце МЗС.

Дыпламат нагадаў, што летась Еўрасаюз адмяніў большую частку санкцыяў, накладзеных на беларускіх чыноўнікаў. "Пасля амаль дваццаці гадоў мы нарэшце можам казаць пра сур'ёзную нармалізацыю адносін. Мы чакаем адмены і астатніх санкцый, хаця разумеем, што для гэтага патрэбны час, і ставімся да гэтага спакойна", — паведаміў Краўчанка.

Ён падкрэсліў, што імідж Беларусі стаў больш пазітыўным з таго часу, як Мінск прадаставіў перамоўную пляцоўку для бакоў канфлікту ва Украіне. "Мы зацікаўленыя, каб у нашых непасрэдных суседзяў, дзе пражывае мноства беларусаў, сітуацыя стабілізавалася. Гэтыя перамовы спрыялі перагляду ацэнкі Беларусі, але самі па сабе не з'яўляліся ў гэтым вызначальнымі", — патлумачыў дыпламат.

Разам з тым ён дадаў, што многія замежнікі ацэньваюць Беларусь паводле старых ацэнак. "На працягу апошніх дваццаці гадоў у нас былі дастаткова складаныя адносіны з большасцю заходніх краін, і гэта знаходзіла сваё адлюстраванне ў заходніх медыя. Гэта шкодзіць нам і адпужвае нашых патэнцыйных партнёраў", — пашкадаваў ён.

Нагадаем, што Еўрасаюз у лютым 2016 года адмяніў большасць санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. На гэта паўплывалі прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў кастрычніку 2015 года.

Пад візавымі і эканамічнымі санкцыямі застаюцца чацвёра чалавек — Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў і Дзмітрый Паўлічэнка. Іх лічаць датычнымі да знікнення палітыкаў у 1999-2000 гадах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі