Вы тут

МЗС Беларусі адказаў на заяву па АЭС цытатай Льва Талстога

Беларуская АЭС / Reuters

МЗС Літвы выступіў з заявай наконт апублікаванага Нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС, піша TUT.by. 

Афіцыйная Вільня лічыць, што ў дакуменце не прадугледжанае выкананне рэкамендацый ад міжнародных экспертаў да абвешчанага пачатку эксплуатацыі станцыі. У адказ МЗС Беларусі заявіла, што праект Беларускай АЭС на сёння адзіны, які прайшоў стрэс-тэсты паводле самых новых, больш жорсткіх стандартаў. 

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі Лінас Лінкявічус мяркуе: Беларусь паказала, што графік будаўніцтва АЭС для яе больш важны, чым бяспека АЭС і выкананне рэкамендацый міжнародных экспертаў. Па яго словах, Нацыянальны план дзеянняў амаль на год адстае ад графіку. 

"Мы заклікаем Беларусь падаць бліжэйшым часам план дзеянняў па ліквідацыі недахопаў, выяўленых падчас стрэс-тэстаў, для разгляду Еўрапейскай групай па рэгуляванні ядзернай бяспекі. Перагляд плана і кантроль за яго выкананнем мае вырашальнае значэнне для своечасовага ажыццяўлення ўсіх неабходных мер", — заявіў Лінкявічус.

У МЗС Беларусі пракаментавалі заяву літоўскіх калег цытатай з Льва Талстога

"Па выніках прачытання чарговай заявы літоўскага знешнепалітычнага ведамства ў дачыненні да Беларускай АЭС на розум адразу ж прыйшлі словы Льва Талстога: "чым больш вінаваты сам перад сваім, хоць бы і схаваным, сумленнем, тым больш ахвотна і міжволі шукаеш віны іншых, і асабліва тых, перад якімі вінаваты". На наш погляд, гэта шмат што тлумачыць", — з'едліва зазначылі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве.

У МЗС нагадваюць, што ні стрэс-тэсты Беларускай АЭС, ні партнёрская праверка з боку еўрапейскіх рэгулятараў не выявілі дэфіцытаў бяспекі. Таксама прэс-служба беларускага МЗС параіла літоўскім калегам больш адкрыта і адказна падыходзіць да всаіх дзеянняў у ядзернай сферы. У прыватнасці, еўрапейскія рэгулятары рэкамендавалі Літве выканаць імавернасны аналіз бяспекі басейнаў вытрымкі адпрацаванага ядзернага паліва Ігналінскай АЭС і вывучыць выпадак пазапраектнага землятрусу. "І Літва гэтага не зрабіла, абмежавалася кансерватыўнымі ацэнкамі. На выкананне астатніх рэкамендацый у Літвы сышло каля шасці гадоў", — канстатуе МЗС Беларусі. 

Беларускія дыпламаты згадваюць, што ад пачатку года на Ігналіскай АЭС у Літве адбыліся дзесяць парушэнняў, якія датычылі эксплуатацыі значных для бяспекі сістэм, дэмантажу і дэзактывацыі абсталявання, абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. "Мы, будучы суседзямі, не маем ніякай інфармацыі ад літоўскага боку: што гэта былі за парушэнні, як яны адбіліся на ядзернай і радыяцыйнай бяспецы, калі яны будуць ліквідаваныя", — выказвае занепакоенасць беларускі бок.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.