Вы тут

МЗС Аўстрыі адрэагаваў на словы Макея аб канферэнцыі па Беларусі

Міністэрства замежных спраў Аўстрыі / profile.ru

МЗС Аўстрыі шкадуе з-за такога крытычнага стаўлення афіцыйнага Мінску да міжнароднай канферэнцыі па Беларусі, якая павінна прайсці ў Вене 22 лістапада. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на заяву аўстрыйскага знешнепалітычнага ведамства.

"Адмоўная пазіцыя Мінска да аўстрыйскай ініцыятывы правядзення міжнароднай канферэнцыі па Беларусі выклікае вялікае шкадаванне", — гаворыцца ў заяве МЗС Аўстрыі.

Там лічаць, што Мінск памыляецца ў ацэнцы канферэнцыі як "варожага кроку". У рэальнасці ж гэтая сустрэча павінна стаць пошукам шляхоў да пачатку дыялогу аб дэмакратычнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі.

Напярэдадні падчас размовы з журналістамі кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей назваў канферэнцыю ў Вене, прысвечаную беларускаму крызісу, бясплоднай і бессэнсоўнай. "Больш таго, мы разглядаем яе як несяброўскі крок у дачыненні да Беларусі", — сказаў ён.

Ідэю канферэнцыю некалькі месяцаў таму прапанавала Святлана Ціханоўская. Прадстаўнік Ціханоўскай Франак Вячорка казаў, што на гэтай канферэнцыі прадстаўнікі Расіі, афіцыйнага Мінска і беларускіх дэмакратычных сіл змогуць пачаць дыялог. Аднак пазней стала вядома, што прадстаўнікоў беларускіх уладаў на гэтай сустрэчы не будзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.