Вы тут

Мытны камітэт патлумачыў, навошта на чэках Duty Free друкуюць асабістыя даныя

Фота: sb.by

Мытны камітэт патлумачыў, навошта на чэках Duty Free друкуюць імя, прозвішча, серыю і нумар пашпарта пакупніка. Гэтыя даныя патрэбныя для кантролю за перамяшчэннем тавараў праз мытную мяжу ЕЭС, а таксама кантролю за дзейнасцю ўладальнікаў крамаў Duty Free.

"Дадзеныя аб асобах, якія набываюць тавары ў крамах бязмытнага гандлю, паступаюць у мытныя органы для ажыццяўлення кантролю за перамяшчэннем тавараў праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама кантролю за дзейнасцю ўладальнікаў саміх крамаў бязмытнага гандлю", — гаворыцца ў адказе камітэту на запыт Еўрарадыё.

Ці не ставіць гэта пад пагрозу асабістыя дадзеныя пакупнікоў? Мытны камітэт запэўнівае, што гэтую інфармацыю выкарыстоўвае выключна для выканання сваіх задач, і ўся інфармацыя ахоўваецца заканадаўствам:

"Мытныя органы, іх службовыя асобы, а таксама іншыя асобы, якія атрымалі такую інфармацыю, не маюць права выдаваць, выкарыстоўваць у асабістых мэтах або перадаваць іншым асобам інфармацыю, якая скаладае дзяржаўную, камерцыйную, падатковую, банкаўскую і іншую тайну (сакрэты), якая ахоўваецца заканадаўствам, а таксама іншую канфідэнцыйную інфармацыю, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Мытным кодэксам ЕЭС, міжнароднымі дагаворамі, заканадаўствам дзяржаў-членаў ЕЭС", — гаворыцца ў адказе.

Чытач Еўрарадыё даслаў у рэдакцыю чэк з Duty Free у Каменным логу на мяжы з Літвой. Ён увогуле не збіраўся забіраць яго з касы, але выпадкова ўбачыў на ім канфідэнцыйныя звесткі пра сябе: імя, прозвішча, серыю і нумар пашпарта.

Выявілася, што гэтыя даныя павінны быць указаныя ў чэку згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі № 38 за 2012 год "Аб функцыянаванні крам бяспошліннага гандлю".

Слухай больш навінаў у выніковай праграме "Петарда" за 3-7.12: