Мядзельскага ўчастковага звольнілі за верш у сацсетках

Мядзельскага ўчастковага звольнілі за верш у сацсетках

Участковага міліцыянта з Мядзела Аляксандра Кучынскага звольнілі за верш, які ён апублікаваў у сацсетках. 

Летась 22-гадовы хлопец скончыў Акадэмію МУС і стаў працаваць участковым у Мядзельскім РАУС. Праўда, адпрацаваў ён там толькі чатыры месяцы. 

На працу Кучынскі заступіў 27 ліпеня, калі ішла перадвыбарная кампанія. "Ужо тады зразумеў, што працаваць будзе цяжка. Людзей затрымлівалі за шарыкі і гэтак далей", — расказвае Аляксандр у інтэрв'ю Onliner.by.

На датэрміновае галасаванне малады ўчастковы не пайшоў, а ў дзень выбараў працаваў. З 9 жніўня ў міліцыі ўвялі ўзмоцненае нясенне службы. "У Мядзельскім раёне выходзілі на мірныя акцыі пратэсту, людзі стаялі ў ланцугу салідарнасці. Пачаўся такі рух, я нават не чакаў, што столькі людзей выйдзе — і не толькі ў Мядзеле, дзе жыве 7 тысяч чалавек, але і ў іншых населеных пунктах", — дзеліцца ўражаннямі Кучынскі.

У адзін з дзён міліцыянтам загадалі затрымаць трох-чатырох жанчын, якія стаялі са стужкамі каля крамы. Кучынскі разам з іншымі даставіў іх у РАУС, але пратакол пісаць адмовіўся. "За што пратакол? За тое, што яны з стужкамі стаялі? Яны ж нічога дрэннага не зрабілі. Тады са мной правялі першую прафілактычную гутарку. Я спаслаўся на тое, што малады супрацоўнік, ніколі такіх пратаколаў не пісаў, фабул не ведаю, таму і пісаць не буду", — згадвае ён.

Хлопец кажа, што хацеў звольніцца, але не мог — згодна з кантрактам, ён мусі адпрацаваць пяць гадоў. Іначай давялося б кампенсаваць выдаткі дзяржавы за навучанне ў Акадэміі — 50 тысяч рублёў.

31 жніўня ён напісаў у невялікай групе "Вконтакте" на шэсць чалавек свой верш: 

Идейные вдохновители без свежих идей. 
О чести забыли люди в мундирах. 
На улицах толпы свободных людей,
И вы не сидите в квартирах!

Идет за свободой весь мир.
Никто не остался в квартирах.
Нет правды в ударах дубин,
Не выстоят люди в мундирах.

А ў снежні, калі Кучынскі пасля COVID-19, выйшаў з бальнічнага яго выклікала начальства. Выявілася, што прайшла службовая праверка ягонага верша. "У матэрыялах значылася, што я змясціў верш, які дыскрэдытуе органы ўнутраных спраў, які набраў сотні праглядаў, выклікаў велізарны грамадскі рэзананс. Але гэта няпраўда. Ужо пасля ўсяго гэтай справы зрабіў скрыншот: у снежні там было 38 праглядаў. Другі скрыншот са статыстыкай паказвае, што ледзь не палова праглядаў прыйшлася на перыяд самой праверкі. Але і ў цэлым у вершы я выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, маю права", — тлумачыць міліцыянт.

Дарэчы, у матэрыялах праверкі былі чамусьці пазначаныя яшчэ два вершы ў Telegram-каналах "Выбар нарачанцаў" і "Pro Нарач" ад іншых карыстальнікаў, якія насілі "абразлівы характар на адрас некаторых супрацоўнікаў". Гэта здзівіла Кучынскага, бо ён тыя вершы не пісаў.

Спасылкі на маладосць міліцыянту не дапамаглі — са службы яго звольнілі. Прычынай называецца правіна, не сумяшчальная са знаходжаннем у органах унутраных спраў.

Пакуль што Кучынскі перабраўся ў Мінск, дзе шукае працу. І чакае, што неўзабаве яму выставяць пазоў за навучанне ў Акадэміі МУС. Але пра свой учынак хлопец не шкадуе.

Мядзельскага ўчастковага звольнілі за верш у сацсетках
Мядзельскага міліцыянта Аляксандра Кучынскага звольнілі за верш / onliner.by
Мядзельскага ўчастковага звольнілі за верш у сацсетках
Мядзельскага міліцыянта Аляксандра Кучынскага звольнілі за верш / onliner.by
Мядзельскага ўчастковага звольнілі за верш у сацсетках
Мядзельскага міліцыянта Аляксандра Кучынскага звольнілі за верш / onliner.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі