"Мы тут улада", карагоды і дэанон: параўноўваем расійскі пратэст з беларускім

“Мы здесь власть”, хороводы, деанон: сравниваем российский протест с белорусским

Раніцай 21 красавіка ў расійскіх тэлеграм-каналах з'явіліся фота спецтэхнікі. Потым пачаліся ператрусы ў актывістаў і журналістаў.

А калі ў Хабараўску пратэстоўцы пачалі вадзіць карагод, у Новасібірску — скандаваць "Мы тут улада" і з Масквы пасыпаліся паведамленні пра перабоі з інтэрнэтам, стрымліваць флэшбэкі стала ўжо немагчыма.

Не стрымліваемся і шукаем падабенства і адрозненні ў арганізацыі пратэстаў у Расіі і Беларусі і ў рэакцыі на іх афіцыйных уладаў.

Тым вечарам у Расіі

Каардынатар рэгіянальных штабоў Аляксея Навальнага Леанід Воўкаў, які нядаўна пакінуў Расію, першапачаткова абвясціў мітынг "з адкрытай датай". Акцыя павінна была прайсці пасля таго, як на сайце "Свабоду Навальнаму" пра сваю гатоўнасць выходзіць заявіць паўмільёна расіян па ўсёй краіне.

Але праз інфармацыю пра пагаршэнне здароўя Навальнага, які з 31 сакавіка трымае галадоўку, поўнага збору вырашылі не чакаць. У дзень мітынгу, які праходзіў пад слоганам "Фінальная бітва дабра з нейтралітэтам", на сайце было зарэгістравана 460 тысяч чалавек.

Арганізатары акцыі заклікалі жыхароў буйных гарадоў выйсці на цэнтральныя плошчы, а жыхароў райцэнтраў — прыехаць у абласныя цэнтры, каб выступіць "супраць карупцыі, рэпрэсій і палітычных забойстваў". Карыстаючыся беларускай тэрміналогіяй, растлумачым: "дзень ікс" быў прызначаны на 21 красавіка.

“Мы здесь власть”, хороводы, деанон: сравниваем российский протест с белорусским
Мітынг расійскай апазіцыі / Deutsche Welle

Мітынг прыхільнікаў Навальнага анансавалі на 19:00, а гэта значыць, што ва Уладзівастоку людзі пачалі выходзіць на вуліцы роўна апоўдні па маскоўскім часе. Якраз у той час, калі прэзідэнт Уладзімір Пуцін сказаў: "Паважаныя грамадзяне Расіі", пачынаючы свой зварот да парламента. У момант, калі ён паабяцае новыя сацыяльныя льготы, на мітынг пачне выходзіць ужо Хабараўск.
 

Ператрусы і прэвентыўныя затрыманні

У прыхільнікаў Навальнага раніца серады пачалася з прэвентыўных затрыманняў і ператрусаў. Да кагосьці прыходзілі для "прафілактычнай гутаркі", да кагосьці — у рамках крымінальнай справы аб перакрыцці дарог, якая была заведзена яшчэ пасля зімовай акцыі пратэсту.

Аднымі з першых а дзясятай раніцы былі затрыманыя юрыстка ФБК Любоў Собаль і прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш. Увечары таго ж дня Собаль адпусцілі — 23 красавіка над ёй адбудзецца суд.

Суд над Ярмыш ужо прайшоў: прэс-сакратарцы Навальнага далі дзесяць сутак арышту "за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу".

Еўрарадыё палічыла, што беларусам будзе цікава, як атрымаць за арганізацыю акцыі пратэсту не крыміналку, а дзесяць сутак. Мы спыталі ў беларускай адвакаткі Тамары Сідарэнка, у якім выпадку парушэнне пры арганізацыі акцыі — гэта адміністрацыйка, а ў якім — крыміналка за "арганізацыю масавых беспарадкаў".

Артыкул 24.23 КаАП у ягонай цяперашняй рэдакцыі прадугледжвае. што адказнасць наступае за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Гэты парадак устаноўлены законам аб масавых мерапрыемствах. Калі, напрыклад, арганізатары не звернуцца ў адпаведныя органы з паведамленнем пра намер правесці масавае мерапрыемства альбо проста паведамяць пра яго правядзенне замест таго, каб атрымаць дазвол, — надыходзіць адміністрацыйная адказнасць для арганізатараў і ўдзельнікаў.

Крымінальная адказнасць па артыкуле 342 надыходзіць у выпадку арганізацыі дзеянняў, якія прывялі да грубага парушэння грамадскага парадку, калі мела месца непадпарадкаванне прадстаўнікам улады, была парушаная работа транспарту, прадпрыемстваў.

Гэтыя артыкулы падобныя тым, што ў абодвух выпадках гаворка ідзе пра масавыя мерапрыемствы. Але нават калі б масавае мерапрыемства было дазволенае, а ў час гэтага мерапрыемства мела месца відавочнае непадпарадкаванне прадстаўнікам улады, парушэнне работы транспарту, наступіла б крымінальная адказнасць.

“Мы здесь власть”, хороводы, деанон: сравниваем российский протест с белорусским
Пратэсты ў Беларусі 10 жніўня / Reuters

Артыкул 293 КК звязаны з арганізацыяй масавых беспарадкаў, пры якіх мае месца гвалт над асобай, пагромы, падпалы. У кожным артыкуле пазначаны прыкметы, па якіх людзей можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

У асноўным адміністрацыйная адказнасць надыходзіць пры парушэнні парадку правядзення і арганізацыі масавых мерапрыемстваў, а крымінальная — калі ў рамках мерапрыемства адбываюцца дзеянні, звязаныя з гвалтам, пагромамі, знішчэннем маёмасці.

 

Па дарогах не хадзіць

— А ў вас працуе інтэрнэт?

— Вельмі дрэнна, у "Білайна" чамусьці менавіта сёння тэхнічныя праблемы.

— Якое супадзенне!

— Хлопцы, скажыце, што адбываецца, куды ідзе натоўп?

— Без паняцця, толькі што казалі ісці направа, да адміністрацыі прэзідэнта.

— А дзе кажуць?

— У тэлеграме.

Такія дыялогі можна было пачуць у жывых эфірах расійскіх СМІ. Калі ў вас ад асацыяцый не зашчымела сэрца, мы не ведаем, дзе вы правялі лета 2020-га.

У Пецярбургу пратэстоўцы скандуюць: "Мы тут улада!"

Нягледзячы на тое, што ў Маскве дзейнічае масачны рэжым, удзельнікі мітынгу далёка не заўсёды надзявалі маскі, хоць гэта абараняе не толькі ад каранавіруса, але і ад дэанону. Калі беларускія журналісты ўжо некаторы час не здымаюць твары пратэстоўцаў, каб не спрашчаць працэс дэананімізацыі, то ў Расіі суразмоўнікаў нават просяць прадставіцца.

— Вас як завуць?

— Кацярына.

Расійскі "КоммерсантЪ" ужо назваў мітынг "аглядам прыхільнікаў Аляксея Навальнага" паліцыяй. Да чаго гэта прыводзіць, беларусы ведаюць.

Затое праезную частку пратэстоўцы ў Маскве не займалі, а паліцыя сачыла за тым, каб яны не пераходзілі дарогу на чырвонае святло. Але ў гэтым выпадку ўдзельнікі акцыі ўлічылі досвед не брэсцкага карагода, за які паўсотні чалавек пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі, а свой уласны. Пасля акцыі прыхільнікаў Навальнага ў студзені распачалі крымінальную справу за перакрыццё руху ў Маскве.
 

А дзе Воўкаў?

Ёсць у расіян і свой Сцяпан Пуціла, пакуль яшчэ толькі патэнцыйны экстрэміст, а не прызнаны такім кампетэнтнымі органамі.

Заяўку на правядзенне акцыі падавалі каардынатар рэгіянальных штабоў Навальнага Леанід Воўкаў і дырэктар ФБК Іван Жданаў. Улады акцыю не ўзгаднілі са спасылкай на тое, што арганізатары знаходзяцца не ў Расіі.

Арганізатары хоць і знаходзіліся за мяжой, але ўвесь дзень актыўна стрымілі і расказвалі пра тое, што адбываецца ў розных гарадах. Пакуль к абеду ім не выключылі святло — проста ў еўрапейскім офісе.

— Сталі разбірацца. Высветлілася, што на вуліцы ёсць агульны размеркавальны шчыток і на гэты шчыток — выведзена з усіх офісаў сілкаванне. І вось гэты шчыток хтосьці адчыніў і акуратна нас абясточыў. На паўгадзіны нашу трансляцыю вырубілі, — паскардзіўся Воўкаў у тэлеграме.

А яшчэ расказаў, што чатыры дні да пачатку акцыі офіс, які знаходзіцца "ў адной еўрапейскай краіне", перманентна змагаўся з DDoS-нападамі на сайт. Тым не менш стрым на канале "Навальный Live" доўжыўся больш за шэсць гадзін, яго ўжо паглядзелі больш за два мільёны карыстальнікаў.

Увесь гэты час дзяржпрапаганда троліла ўдзельнікаў пратэсту пытаннямі накшталт "І дзе сядзяць вашы героі?".

Колькі трэба часу, каб знайсці экстрэміста

— На наступным тыдні пачнуцца пякельныя закрытыя суды па прызнанні нас экстрэмістамі, — расказваў Воўкаў у эфіры "Навальный Live".

Гаворка пра тое, што Фонд барацьбы з карупцыяй могуць прызнаць экстрэмісцкай арганізацыяй. Суд пачнецца 26 красавіка.

У Беларусі з тым, каб усякае новаўтварэнне прызнаць злаякасным і экстрэмісцкім, не зацягваюць. Святлана Ціханоўская і ўдзельнікі прэзідыума Каардынацыйнай рады сталі фігурантамі крымінальнай справы па экстрэмісцкім артыкуле праз усяго чатыры месяцы пасля таго, як КС быў створаны.

ФБК пакуль прызнаны толькі замежным агентам, гэта пры тым, што быў створаны дзесяць гадоў таму.
 

Хто аплаціць штрафы?

Рэзюмуючы, як прайшла фінальная бітва дабра з нейтралітэтам, вядучыя канала "Навальный Live" прыйшлі да высновы, што сапраўдная фінальная бітва яшчэ наперадзе. Людзей, якія заставаліся на вуліцах пасля заканчэння акцыі, заклікалі акуратна разыходзіцца, не трапляючыся "амапаўцам, жорсткім сабакам гэтага рэжыму".

Як і ў Беларусі, гімн на вуліцах у дзень пратэсту таксама гучаў — праўда, афіцыйны

Дарэчы, пра тое, што будзе з затрыманымі далей: штрафы ім плаціць не давядзецца, бо салідарнасць у Расіі пачалася раней, чым у Беларусі.

Каманда Навальнага ўжо чатыры гады бярэ на сябе абавязацельствы па выплаце штрафаў за ўдзельнікаў акцый пратэсту — пры ўмове, што яны дойдуць да другой інстанцыі і будуць гэтыя штрафы абскарджваць.

За гэтыя гады за ўдзельнікаў акцый ужо выплацілі штрафаў на суму больш за 40 мільёнаў рублёў — гэта больш за паўмільёна (!) долараў. Выплаты ў эфіры "Навальный Live" гэтым разам назвалі "падаткам на смеласць", які трэба плаціць, каб людзям было "не так страшна выходзіць на вуліцы".

А што пагражае за атрыманне грошай ад экстрэмісцкіх фармаванняў, у выпадку калі ФБК усё ж прызнаюць такім, можна спытаць у беларусаў.
 

Першыя вынікі

Дык у чым падабенства і ў чым адрозненне пратэстаў у Расіі і ў Беларусі?

Лідары пратэстаў сядзяць або дзейнічаюць з-за мяжы — у гэтым лік "адзін — адзін".

У абедзвюх краінах удзельнікі пратэставых акцый арганізуюцца анлайн, а пасля іх — салідарызуюцца ў выплаце штрафаў.

Праваахоўнікаў называюць "сабакамі рэжыму" і ў Расіі, і ў Беларусі. Але на апошніх акцыях пратэсту са спецсродкаў, якія ўжываліся супраць расіян, былі заўважаныя электрашокеры. Беларусы ж на слых навучыліся адрозніваць выбухі святлошумавых гранат ад стрэлаў з траўматычнай зброі.

У Беларусі апанентаў улады аператыўна прызнаюць экстрэмістамі, расійскія ўлады "сужыцельствуюць" з ФБК ужо дзесяць гадоў.

У беларускага пратэсту ва ўяўленні ўладаў пік развіцця ўжо пройдзены: раскрытая спроба ваеннага перавароту і зрынання канстытуцыйнага ладу. Расійскі пратэст гэтай сюжэтнай кульмінацыі пакуль не дасягнуў.

“Мы здесь власть”, хороводы, деанон: сравниваем российский протест с белорусским
Карагоды ў Брэсце і ў Новасібірску / TUT.by, Tayga.info

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі