Мы схадзілі ў Cafe «Поглощение». Вой-вой! (фота)

На мінулых выходных мінчукам паказалі “спектакль” Cafe "Поглощение". Пасля яго Еўрарадыё то смяецца, то плача... Мы наўмысна узялі слова “спектакль” у двухкоссе, таму што ніякі гэта не спектакль. Нават у анонсе было напісана “С театром покончено!”. Тое, што пабачылі мінчукі ў клубе "Рэактар" – гэта перфоманс пра гламурных дзяўчат, рэжысёрам якога выступіў малады Яўген Карняг, а галоўным харэографам – Вольга Скварцова.



Вольга патлумачыла: “У гэтым спектаклі амаль усё – экспромт. Расстаўлены былі толькі акцэнты: хто дзе крычыць, каму становіцца дрэнна. А што адбывалася паміж – гэта асобная гісторыя кожнай дзяўчыны. Імправізацыя. Жыццё”.



Але пачакайце пляскаць у далоні і крычаць “Браво!”. Паслухайце дзіўную гісторыю пра істэрыю, якая ахапіла Еўрарадыё і нават некаторых іншых калегаў-журналістаў. Так здарылася, што ўвесь спектакль нам хацелася то плакаць, то смяяцца...



Вой-вой! Першая сляза пралілася, калі мы дагналі, што тэма спектаклю – сапраўды пра гламурнае дыскатэчнае жыццё дзяўчат, якія абчыталіся глянцавых часопісаў.

Шчыра хацелася верыць, што гэта жарт, і “спектакль” будзе пра штосьці больш актуальнае. Асабліва для Беларусі. Бо гламурная тэма ў глабальным масштабе, здаецца, была канчаткова раскрытая ў фільме "Д'ябл носіць прада" з Мэрыл Стрып.



Ах-хаха! Прыемная ўсмешка папаўзла па твары, калі пачала граць музыка – Рошын Мёрфі, Moloko... Вялікі рэспект ды-джэю Мікалаю Казанцаву, які зрабіў падборку трэкаў для тэатральнай дыскатэкі.



І вой, мы зноў у слёзы... Ад гламуру. Дакладней, ад акторак, якія гралі гламурных дзяўчат.



Калі б акторы толькі танчылі, было б пераканаўча. Але падчас пластычнага спектаклю былі маналогі (!) “як прыгатаваць кашку здароўя”, “як пазбегнуць маршчынаў” і г. д, якія прымушалі моцна сумнявацца ў гламурнасці галоўных гераінь. Калега Заміроўская заўважыла: “Як можна граць тых, хто сам грае?”.



Пасля не вытрымаў яшчэ адзін калега – Валянцін Пепеляеў з “СБ”. Ён заставіў смяяцца не толькі Еўрарадыё, але і ўсіх побач.

Вольга! Дазвольце ж выйсці гледачам патанчыць! Вольга! крычаў ён з узвышша, куда пасадзілі журналістаў.

Вольга, гэты ваш спектакль ганьба! працягваў крычаць Валянцін, якому моцна не падабалася ўсё, што адбываецца. Пасля яшчэ хвілінкі крыкаў Вольга, галоўны харэограф і сумесна акторка, дазволіла выйсці на танцпол, але падыгрываць правакацыі не стала.



Валянцін не супакойваўся, танчыў разам з акторамі, заляцаўся, дурэў, і выглядаў як сапраўдны запланаваны герой гэтага перфомансу. Ажно пакуль яго не вывела тэатральная “ахова”. І назад ужо больш не пусціла. Ха-ха-ха. Спектакль толькі стаў цікавым... Зноў мы ў слёзы.



У горкія слёзы, бо ў эксперыментальнам імправізаванам спектаклі-перфомансе не знайшлося месца імправізацыі і эксперыменту (гульня з сапраўдным гледачом, а не падсаднымі качкамі).



Я насамрэч не ведала, што рабіць у гэтай сітуацыі. Я проста трымала сваю лінію – па сцэнару я ем наркотыкі і танчу. І ў той момант, калі выйшаў гэты дзіўны чалавек, я ўключыла сваю задачу і ўсё. Максімум ігнора.

Але ўсе дзяўчаты крыху расхваляваліся, бо чалавек перанастроіў гледачоў, не ў той бок, што мы хацелі
”, – падзялілася эмоцыямі Вольга Скварцова.



Але ніякіх правакацый большасць гледачоў не заўважыла, і ўвогуле, усім, як звычайна, усё спадабалася. Чаму? А такога ў Беларусі яшчэ не было!

— Ды ўсё спадабалася. Больш бы такога!

— Мне спадабаўся гэты эксперымент. Гэта неяк нова, незвычайна для Мінска.

— Мне вельмі спадабалася. І яшчэ я таксама размаўляла з людзьмі пасля спектаклю, і зрабіла выснову, што мужчынам не спадабалася, а усім жанчынам — так. Мне здаецца, гэта поспех!



Мы выцерлі слёзы, усміхнуліся і паехалі дамоў, па дарозе пераказываючы ўсе эмоцыі. Даслухаўшы да канца істэрыю, наш фатограф Tarantino не вытрымаў: “У вас, у журналістаў, мазгі засмечаныя залішняй інфармацыяй, таму вам усе і не падабаецца” – і дадаў – “Затое фоткі абалдзенныя атрымаюцца”.

Верце фотакорам!



Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі