МВФ: На падтрымку стратных прадпрыемстваў у Беларусі штогод ідзе да 2,2% ВУП

Фота: Еўрарадыё
Фота: Еўрарадыё

На падтрымку стратных прадпрыемстваў у Беларусі штогод сыходзіць 2,2% ВУП. Такія дадзеныя агучыў на брыфінгу па выніках працы экспертаў Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долман.

Эксперты фонду лічаць, што сектар дзяржаўных прадпрыемстваў мае патрэбу ў неадкладным рэфармаванні. Многія прадпрыемствы пры гэтым разлічваюць на падтрымку з боку дзяржавы, якая адмоўна адбіваецца на тэмпах эканамічнага росту.

"Забалансавая падтрымка дзяржаўных прадпрыемстваў вядзе да росту запазычанасці: крэдыты, якія выдаюцца дзяржпрадпрыемствам, затым робяцца неабслугоўвальнымі, у выніку чаго дзяржава вымушаная падтрымліваць банкі, — сказаў Пітэр Долман. — Практыка пакрыцця страт дзяржпрадпрыемстваў захоўваецца год за годам і складае да 2,2% ВУП . Беларускія падаткаплацельшчыкі маюць права атрымаць адказ на пытанне, як выкарыстоўваюцца гэтыя сродкі".

З пункту гледжання МВФ вельмі важна, каб урад забяспечыў падтрымку тым беларусам, якія могуць пацярпець у "пераходны" перыяд рэформаў. "Гэта з'яўляецца галоўным прыярытэтам для МВФ. Такія меры павінныя ўключаць часовую дапамогу па беспрацоўі і перападрыхтоўку кадраў, і іншыя меры на рынку працы", — дадаў Пітэр Долман.

Місія МВФ працавала ў Беларусі два тыдні ў рамках штогадовых кансультацый па Артыкуле IV. Такія кансультацыі праводзяцца з усімі членамі МВФ і ўключаюць у сябе дыскусіі з афіцыйнымі асобамі, прадстаўнікамі прыватнага сектара і няўрадавымі арганізацыямі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі