“Музыка ВКЛ была б больш магутнай за амерыканскую”

Дождж сапраўдным ліцвінам не перашкода! 24 ліпеня аматары музыкі і гісторыі адзначаюць Дзень культуры народаў ВКЛ. У дворыку Нацыянальнага мастацкага музея выступаюць чатыры гурты: беларускі “Палац”, украінскі “Гич оркестр”, літоўскі Aiste Smilgeviciutes & Skyle  і польскі Vołosi.

“Мне падаецца, што ў Польшчы замала узгадваюць ВКЛ. Але, натуральна, гэта ёсць незвычайная сіла, — перакананы музыка польскага скрыпічнага квінтэта Кшыштаф Ласань. — Нашы продкі паходзяць з ВКЛ. Напрыклад, мая бабуля нарадзілася ў ваколіцах Львова, у мястэчку, якое называлі месцам трох народаў: там жыла траціна палякаў, траціна ўкраінцаў і траціна габрэяў. І гэта месца прыгарнула шмат народаў, дазволіла людзям здалёк, нават з Манголіі, жыць там без праблемаў! І, натуральна, ідэя Вялікага княства сведчыць пра імкненне быць братам іншым народам. Гэта выдатна!”

Музыка Vołosi ўбірае ў сябе гукі з усіх бакоў Еўропы. Гэта “музыка без межаў, якая ўбірае ў сябе гукі з усіх бакоў Еўропы, музыку караванаў і купцоў, якія хадзілі па яе дарогах”. Кшыштаф упэўнены, што славянскія музыкі валодаюць сілай, якая дазваляе ствараць музыку “на найвышэйшых паверхах Сусвету”.

Але актрыса “Свабоднага тэатра” і ўдзельніца дуэта “ЭВМ” Марына Юрэвіч вяртае Еўрарадыё з нябёсаў на зямлю:

“Вельмі хочацца спадзявацца, што ў ВКЛ гучала б вольная музыка і гралі вольныя спектаклі. На тэмы, якія нас кранаюць”, — кажа яна. Яе сяброўка і калега Юля Шаўчук дадае: “І фрыкі таксама б жылі ў ВКЛ. Я лічу, што фрыкі павінны быць ва ўсіх краінах. Яны даюць пэўныя фарбы грамадству, якія дазваляюць рухацца наперад”.

Канцэрт у гонар Дня ВКЛ — частка выставы “Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага княства Літоўскага”. Усё гэта — сумесны праект Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і трох украінскіх галерэяў. Украінскі ўдзельнік канцэрта — гурт “Гич оркестр” — валіць сумесь джазу, ска, панку, фолку... Трубач “аркестра” Астап Касцюк лічыць, што менавіта такой — звычайнай і рознай — і была б музыка ВКЛ.

“Гич оркестр”

Дождж у музейным дворыку змяняецца на сонца, і публіка пускаецца ў карагоды.

“Кожны з удзельнікаў канцэрту вырошчвае сваю сцежку. Так мы можам зрабіць наш свет больш разнабаковым”, — дзеліцца ўражаннямі ад свята літоўская спявачка Айстэ Смільгявічутэ. У сваёй музыцы мы спрабуем менавіта адчуць дух нашых продкаў. І гэтым духам ствараць сучасныя рэчы. Бо сутнасць — гэта  не форма, а дух”.

Айстэ Смільгявічутэ

Тым часам на сцэну выходзіць гурт “Палац”. Беларускія музыкі, як гасцінныя гаспадары, завяршаюць свята.

“Тыя працэсы, якія зараз намацвае Еўропа, маглі б распачацца яшчэ пяць стагоддзяў таму. ВКЛ было магутнай і мультыкультуральнай краінай… Музыка Вялікага княства была б, безумоўна, еўрапейская, з хрысціянскімі каштоўнасцямі, — пасля выступу распавядае Еўрарадыё Алег Хаменка. — Але перадусім рознабаковая ў тэмбральным сэнсе, меладычным сэнсе. І мне здаецца, што гэтая музыка была б універсальнай увогуле для свету. Яна рэальна была б больш магутнай, чым рок-н-рол, чым блюзавая і джазавая музыка, якую прапанавала Амерыка”.

Што праўда, “фолк-мадэрн” у сучасным Вялікім княстве быў бы дакладна такім жа, якім яго сёння граюць “Палац”, “Гич оркестр”, Aiste Smilgeviciutes & Skyle  і Vołosi.

Канцэрт тым часам заканчваецца, і музыка ВКЛ патанае ў шуме мінскіх вуліц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі