Вы тут

Мужа праваабаронцы Таццяны Гацуры-Яворскай прыгразілі дэпартаваць з Беларусі

У Нацыянальным аэрапорце / TUT.BY​

Муж палітзняволенай Таццяны Гацуры-Яворскай павінен пакінуць Беларусь цягам трох дзён, паведаміла Еўрарадыё крыніца, знаёмая з сітуацыяй. Уладзіміра Яворскага прыгразілі дэпартаваць.

Сама Таццяна знаходзіцца ў зняволенні з 5 красавіка. Спачатку яе асудзілі ў рамках адміністрацыйнага працэсу за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Яе пакаралі штрафам, але не выпусцілі — перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Тады ж стала вядома, што ў дачыненні да яе распачатая крымінальная справа. Па якім артыкуле, родным не паведамілі.

У Яворскіх чацвёра дзяцей, двое з якіх — непаўналетнія. Ператрус у доме праводзілі ў прысутнасці 18-гадовага Альгерда і 9-гадовага Данілы.

"Нам удалося пераканаць не забіраць дзіцячыя камп'ютары, гэта было важна для іх, бо яны цяпер вучацца дыстанцыйна. Дзеці вельмі перажывалі, яны ўяўлялі, што такое адбываецца са злачынцамі, і не разумеюць, чаму забралі маму", — расказваў Уладзімір у інтэрв'ю Deutsche Welle.

Пасля затрымання Таццяны клопат пра дзяцей быў на ім. Праваабаронцы прызналі Таццяну Гацуру-Яворскую палітвязнем.

Радыё Свабода паведамляе, што Уладзімір Яворскі з малодшым сынам Данілам ужо з'ехалі ва Украіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.