Mustelide “Secret”

Наталля Куніцкая, клавішніца гурта Clover Club, стала “электроннай прынцэсай”: стварыла ўласны праект Mustelide і запісала дэбютны LP. Яна назвала яго “Secret” у гонар дзіцячых “сакрэцікаў, тых самых, "калі ты нешта дарагое хаваеш у ямку, накрываеш шклом і засыпаеш пясочкам". І абрала музыку, нібыта таксама з дзяцінства — такі электронны прывет з 90-х.

На кружэлцы 9 песень-сакрэцікаў, якія Наталля складала, запісвала, зводзіла і прадзюсавала ўласнаручна на хатняй студыі. Яе музыка такая, як мусіць быць у прынцэс — лёгкая, какетлівая, з ружовымі валанамі, мыльнымі бурбалкамі і смачным бізэ на сподачку, аздобленая сінтэзатарамі ды драм-машынкамі. Наталля выдае абсалютна мілыя, пяшчотныя, дзявочыя і сучасныя поп-песенькі, не пазбаўленыя сэнсу і густу.

Беларускі правобраз “Secret” можна знайсці ў дэбютніку “Танінага Джазу” “Feel This Time” 2008 года. Крыху лянівы высокі вакал, добрая задзірлівасць і танцавальнасць ёсць і на кружэлцы Mustelide. Праўда, тут больш цяперашняй моднасці, пошуку і, відаць, перспектывы — пласцінка адразу выйшла на замежным лэйбле, а трэк з яе прадставіў Беларусь на вядомым рэсурсе Beehype.

“Secret” — прыклад таго, як не сядзець, склаўшы рукі, калі гурт, у якім ты граеш, націснуў на паўзу. Наталля абклалася сінтэзатарамі ды вырашыла ў іх разабрацца. Альбом апынуўся вынікам гэтых разборак. Эксперымент, у якім піяністка з музычнай адукацыяй высветліла ўсе магчымасці сучасных клавішных інструментаў, атрымаўся на 100 адсоткаў. Асабліва, калі ўлічваць эстэтычныя карункі, якімі ён упрыгожаны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі