Вы тут

МУС няўклюдна абвяргае галадоўку магілёўскіх журналістаў

Аляксандр Буракоў / БАЖ

МУС выпусціла спецыяльную заяву, у якой абвяргае галадоўку магілёўскіх журналістаў Аляксандра Буракова і Уладзіміра Лапцэвіча.

Журналістаў затрымалі каля абласнога суда 12 траўня, алі яны прыйшлі асвятляць працэс над Паўлам Севярынцам і актывістамі "Еўрапейскай Беларусі". На Буракова і Лапцэвіча склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Праваабаронцы з MAYDAY 13 траўня паведамілі, што затрыманыя журналісты абвясцілі галадоўку.

У абвяржэнні МУС гаворыцца: "13 траўня яны пісьмова адмовіліся прымаць ад сваякоў прадукты харчавання ў перадачах, але ежу прымаюць у адпаведнасці з распарадкам дня спецустановы".

Праваабаронцы ў сваім адказе вельмі дзівяцца, што затрыманыя журналісты адмовіліся ад сямейных перадач на карысць ізалятарскага пайку. 

"Даведацца пра галадоўку прасцей за ўсё было б ад саміх Буракова або Лапцэвіча. Але вось якое дзіўнае супадзенне — да Буракова сёння не дапусцілі адваката. Нібыта, былі занятыя ўсе неабходныя памяшканні. Гэта значыць даведацца пра наяўнасць або адсутнасць галадоўкі можна толькі на судзе, калі, вядома, яго не правядуць таемна", — канстатуюць яны.

Праваабаронцы дадаюць, што пра галадоўку затрыманых журналістаў яны даведаліся ад супрацоўнікаў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама, якія прымалі перадачы для затрыманых.

"Ёсць яшчэ адна акалічнасць, пра якую важна згадаць. Буракоў загадзя папярэджваў сваіх блізкіх на выпадак затрымання пра тое, што калі яго будуць "кашмарыць" у ІЧУ, то ён абвесціць галадоўку. Верагодна, канкрэтна ў ягоным выпадку галадоўка — гэта яшчэ і знак, што ў ізалятары не выконваюцца ягоныя правы", — пішуць магілёўскія праваабаронцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.