“Можна ўсё зрабіць за адзін дзень”: як беларус мяняў аўтанумары на літоўскія

Regitra – дзяржустанова, якая рэгіструе аўтамабілі ў Літве

Regitra – дзяржустанова, якая рэгіструе аўтамабілі ў Літве / 15min.lt

Многіх беларусаў агаломшыла навіна пра тое, што Літва з 18 ліпеня будзе адмаўляць ва ўездзе ў ЕС аўтамабілям з Беларусі. Забарона закранае легкавыя аўтамабілі на беларускіх рэгістрацыйных нумарах незалежна ад таго, хто за рулём: уласнік аўто – грамадзянін Беларусі, або не.

Літва дала беларусам паўгады на пераходны перыяд. Да 18 жніўня заязджаць у Літву могуць толькі ўласнікі аўтамабіляў з візай або відам на жыхарства. А да 18 студзеня 2025 года беларускія машыны павінны або пакінуць краіну, або прайсці перарэгістрацыю. Калі ж не, то ўладальніку аўтамабіля на беларускіх нумарах пагражае штраф і канфіскацыя аўто.

Бюракратычныя працэдуры ў чужой краіне не падабаюцца нікому, але іншага выйсця няма. Еўрарадыё падрыхтавала кароткі дапаможнік з інфармацыяй пра тое, дзе і як можна легалізаваць свой аўтамабіль у Літве, і распытала пра гэты досвед беларуса, які ўжо прайшоў гэты квэст.

Хто можа зарэгістраваць аўто ў Літве?

Для пачатку варта разабрацца з легалізацыяй у Літве. Міграцыйны інфармацыйны цэнтр у Літве звяртае ўвагу на тое, што замежнікі, якія плануюць жыць у Літве стала — больш за 90 дзён у годзе, абавязаныя зарэгістраваць свой транспартны сродак.

Зрабіць гэта можна пасля атрымання віду на жыхарства (часовага або пастаяннага) і дэкларацыі месца жыхарства ў Літве.

Як беларусу зарэгістраваць машыну ў Літве?

Рэгістрацыяй аўтамабіляў замежнікаў у Літве займаецца дзяржустанова Regitra. Але перад тым, як туды звяртацца, трэба прайсці абавязковы тэхагляд. Уласніку аўтамабіля трэба пераканацца, што ён адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца да транспартных сродкаў у Літве.

Спіс станцый тэхабслугоўвання па ўсёй Літве можна знайсці тут. Гэта наступны крок пасля асабістай легалізацыі на шляху легалізацыі аўтамабіля.

“Можна ўсё зрабіць за адзін дзень”: як беларус мяняў аўтанумары на літоўскія
Беларусам даецца паўгады на тое, каб атрымаць літоўскія нумары / Еўрарадыё

Далей варта паклапаціцца пра абавязковае страхаванне. Застрахаваць аўтамабіль можна ў Lietuvos draudimas, BTA, Gjensidige, Compensa, ERGO ці іншых страхавых кампаніях.

Цяпер можна звяртацца ў аддзяленне Regitra з наступнымі дакументамі:
- пашпарт грамадзяніна або іншы дакумент, які пацвярджае асобу,
- дазвол на пражыванне і дэкларацыя месца жыхарства,
- пасведчанне аб рэгістрацыі аўтамабіля,
- сертыфікат аб праходжанні тэхагляду і экспертызы на выкід СО2.

Аўтамабілі, якія прыбылі ў Літву з-за мяжы, павінны прайсці ідэнтыфікацыю. То-бок адных толькі дакументаў на аўтамабіль недастаткова: неабходна прад’явіць рэгістратару ўласна аўтамабіль.

Пасля праверкі дакументаў уласніку аўто прысвояць унікальны код дэкларацыі ўладальніка (SDK). З ім можна зарэгістраваць аўтамабіль у Літве на сваё імя.

Варта мець на ўвазе дадатковыя выдаткі: аплату рэгістрацыйных паслуг і аплату збора ў выпадку, калі аўтамабіль дае больш СО2, чым дазваляецца па законе ў Літве.

Працэдура рэгістрацыі аўтамабіля будзе завершаная пасля аплаты.

Засталіся пытанні? Пагрукайцеся ў анлайн-службу дапамогі беларусам “Адно акно”.

Пяць гадзін часу і каля 500 еўра за ўсё

Слухач Еўрарадыё Аляксандр, што жыве ў Літве амаль два гады, адкладаў рэгістрацыю аўто да моманту, калі атрымае ПМЖ. Машынай карыстаўся рэдка, ну і быў гатовы заплаціць штраф, калі зловяць на парушэнні:

— Я ведаў, што на працягу паўгода пасля прыезду трэба зарэгістраваць аўтамабіль і памяняць нумары. Знаёмыя казалі, што на гэта ніхто асабліва не глядзіць і праблем няма. Улічваючы гэта і тое, што ў беларусаў у Літве дастаткова нестабільная будучыня, вырашыў пачакаць з рэгістрацыяй і ездзіць на беларускіх нумарах. Ніякага дыскамфорту гэта не давала, ні разу ніхто не спыняў і не пытаўся.

— У той самы дзень пачаў займацца пытаннем рэгістрацыі. Я ведаў, што ёсць варыянт з часовай рэгістрацыяй, калі не трэба плаціць мытны збор і застаецца магчымасць захаваць тэхпашпарт і беларускія нумары, — узгадвае Аляксандр.

І вось яго досвед — як адбываўся візіт у дзяржустанову і што трэба было зрабіць:

— На наступны дзень спрабаваў з раніцы датэлефанавацца ў Regitra, але пасля паўгадзіны чакання на лініі зразумеў, што без сэнсу. Плюнуў і паехаў туды.

Там было дастаткова шмат людзей, прыйшлося прыкладна гадзіну пачакаць у чарзе, каб атрымаць кансультацыю. Вельмі прыемная і добразычлівая жанчына падрабязна расказала, што мне трэба зрабіць: спачатку прайсці экспертызу аўтамабіля, потым тэхагляд, а ўжо потым зарэгістраваць.

Экспертыза і тэхагляд робяцца ў Tuvlita, побач з Regitra. Я туды прыйшоў, і мне прапанавалі адразу ўсё зрабіць. Прычым вельмі добразычліва, падрабязна адказваючы на ​​пытанні.

Так, у той дзень была вялікая чарга на тэхагляд, але мой аўтамабіль прапусцілі без яе, я так зразумеў, што ў іх ёсць свая лінія. Пры гэтым не зважалі на нейкія дробязі. На ўсё спатрэбілася прыкладна 4 гадзіны.

“Можна ўсё зрабіць за адзін дзень”: як беларус мяняў аўтанумары на літоўскія
З нумарамі Літвы на аўто можна будзе свабодна ездзіць па ЕС / Еўрарадыё

На наступны дзень Аляксандр аформіў страхоўку, загнаў машыну на праверку нумароў, аплаціў усе зборы і атрымаў часовы тэхпашпарт і нумары. Гэта заняло гадзіну часу.

— Беларускі тэхпашпарт застаўся на захоўванні, нумары ў мяне. Ёсць абмежаванні, вядома. Нельга выязджаць з ЕС, нельга прадаць машыну, але затое можна свабодна ездзіць па Еўропе. Па затратах атрымалася нешта каля 113 еўра на экспертызу і тэхагляд, 230 еўра за гадавую страхоўку і 210 еўра за рэгістрацыю і нумары.

Калі прыязджаць рана, то можна ўсё зрабіць за адзін дзень. Я вельмі не люблю займацца такімі рэчамі, але быў прыемна здзіўлены, што ўсё вельмі хутка і з вельмі добразычлівым стаўленнем, — падсумоўвае Аляксандр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі