Мора: Візіты еўрачыноўнікаў сведчаць, што палепшыць адносіны з ЕС магчыма

Адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам хоць і нармалізуюцца, але не паляпшаюцца. Менавіта такім чынам вызначае пасол Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Майра Мора.

Мора: “Гэта два розныя тэрміны. Нельга сёння казаць пра тое, што нашыя адносіны паляпшаюцца. Бо гэта не такі хуткі працэс. Але сёння крокі насустрач робяцца з абодвух бакоў. Мы чакаем, што крокаў насустрач менавіта з беларускага боку будзе яшчэ больш — яны дапамагаюць нармалізаваць нашы адносіны”.

Кіраўніца Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі неаднаразова і раней падкрэслівала, што галоўная перашкода на шляху паляпшэння адносін ЕС і Беларусі — палітычныя зняволеныя. Па словах Майры Моры, не варта чакаць радыкальных або рэзкіх зменаў у адносінах, бо палітвязні — "гэта тое, чаго мы сапраўды не можам прыняць".

Выказалася дыпламат і пра візіты еўрачыноўнікаў розных узроўняў, якія апошнім часам наведваюць Беларусь ледзь не кожны тыдзень. На яе думку, такія візіты спрыяюць разуменню таго, якія ёсць правілы ў Еўропе і якія паляпшэнні могуць адбыцца ў Беларусі.

Майра Мора адзначыла: візіты, у тым ліку і запланаваныя на бліжэйшы час, сведчаць, што пры жаданні з абодвух бакоў паляпшэнне ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС усё ж можа адбыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі