Мінскія ўлады расказалі, калі завершаць рэканструкцыю стадыёна "Трактар"

Стадыён "Трактар"

Стадыён "Трактар" / minsknews.by

Рэканструкцыю стадыёна "Трактар" мінскія ўлады плануюць завяршыць у ІІІ квартале 2024 года. Аб гэтым піша агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Сяргея Масляка. "Думаю, у III квартале 2024 года лагічны пункт па "Трактары" і лесапаркавай тэрыторыі мы паставім", — сказаў Масляк. Чарговы этап капрамонту пачаўся ў верасні. Цяпер на аб'екце ідуць дэмантажныя работы.

Стадыён, нагадаем, размешчаны ў парку імя 50-годдзя кастрычніка, які таксама рэканструююць. Масляк расказаў, што ў парку ўжо адрамантаваны дарожкі, праведзена санітарная высечка. У пачатку наступнага года тут плануюць дэмантаваць старыя атракцыёны і абсталяваць спартыўную і дзіцячую пляцоўкі, скейт-парк і вяровачны гарадок.

Нагадаем, летам будаўнікі расказвалі, што падчас рэканструкцыі стадыёна плануецца капітальна адрамантаваць заходнюю трыбуну. Іншыя трыбуны чакаў мінімальны аднаўленчы рамонт. Акрамя таго, побач з асноўным полем з натуральным газонам зробяць дзве трэніровачныя пляцоўкі са штучным пакрыццём. Тады ж будаўнікі казалі, што заканчэнне рэканструкцыі "Трактара" звязана са здачай у эксплуатацыю Нацыянальнага футбольнага стадыёна. Апошні, нагадаем, будуецца побач на вуліцы Ванеева. Тэрміны здачы гэтага аб'екта ўжо пераносілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі