Мінскія мытнікі затрымалі 20 тон экалагічна шкоднага хімрэчыва

Мінскія мытнікі затрымалі вялікую партыю небяспечных хімічных рэчываў, выкарыстанне якіх выклікае разбурэнне азонавага слою. У пункце мытнага афармлення “Белмытсервіс-ТЛЦ” трапіла 80 металічных бочак агульнай вагой 20 тон з рэчывам, прызначаным для выкарыстання на халадзільным абсталяванні на прамысловых аб’ектах. Груз прыбыў з Кітая і быў увезены ў Беларусь праз Літву.

У дакументах было пазначана, што груз не ўтрымлівае азонаразбуральных рэчываў, аднак  экспертыза паказала наяўнасць рэчываў, забароненых для перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і небяспечных для азонавага слою. Гэта гідрахлорфторвуглявадароды (ГХФН-141b) і хлорфторвуглявадароды (ХФН-113), уключаныя ў спіс азонаразбуральных рэчываў. Каштуе нелегальны груз болей за 8 мільярдаў рублёў, паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе Мінскай рэгіянальнай мытні.

Распачатая крымінальная справа паводле ч.1 арт 228 Крымінальнага кодэксу (перамяшчэнне ў буйным памеры праз мытную мяжу тавараў, забароненых або абмежаваных да такога перамяшчэння).