Мінскія бальніцы вяртаюць да аказання планавай дапамогі

Каля паловы ложкавага фонду мінскіх клінік займаюць кавідныя пацыенты / @minzdravbelarus​
Каля паловы ложкавага фонду мінскіх клінік займаюць кавідныя пацыенты / @minzdravbelarus​

З 15 лістапада шэраг аддзяленняў мінскіх бальніц вяртаюцца да планавай працы, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. У прыватнасці, кавіднымі пацыентамі больш не будуць займацца рэўматалогія 11-й бальніцы, афтальмалагічныя аддзяленні 3-й бальніцы і аддзяленне таракальнай хірургіі 10-й бальніцы. Акрамя таго, плануецца, што найбліжэйшым часам да прыёму планавых пацыентаў вернуцца сем аддзяленняў 2-й бальніцы, а таксама ўсе аддзяленні гарадской гінекалагічнай бальніцы і 2-й радзільні.

Раней у звычайны рэжым працы вярнуліся амаль усе хірургічныя аддзяленні Мінскага анкацэнтра, а таксама два аддзяленні афтальмалогіі ў 10-й бальніцы.

У Мінску пад кавідных пацыентаў цяпер адведзена каля паловы ложкаў: амаль 5 тысяч з крыху больш за 10 тысяч усяго сталічнага ложкавага фонду.  

У Міністэрстве аховы здароўя заявілі, што "паэтапна выводзіць некаторыя аддзяленні з "кавіднага рэжыму" дазваляе эпідсітуацыя". Гэтай заяве, нагадаем, папярэднічала нарада ў Аляксандра Лукашэнкі каля меясца таму, дзе ён запатрабаваў не адмяняць аказанне планавай дапамогі. А замест гэтага адмяніў абавязковы масачны рэжым.

Сітуацыю з захворвальнасцю ў пачатку лістапада кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіч ацэньваў наступным чынам: інтэнсіўнага зніжэння захворвання COVID-19 у Беларусі пакуль не назіраецца, мы бачым павольную-павольную стабілізацыю. Цяпер узровень захворвальнасці чыноўнікі імкнуцца не каментаваць, кажуць толькі, што "працяканне хваробы змянілася ў параўнанні з першай хваляй, стала цяжэйшым".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі