Мінскі баксёр Усцінаў сустрэнецца з самым вядомым вулічным байцом ЗША

Самы знакаміты вулічны баец ЗША Кімба Слайс кінуў выклік мінскаму гіганту Аляксандру Усцінаву. Двубой адбудзецца ў Маскве 11 снежня.

Сапраўднае імя амерыканца ― Кевін Фергюсан, яму 40 гадоў. З 2003 года ён браў удзел у санкцыянаваных вулічных бойках, на якіх добра раскруціўся.

Дзякуючы гэтаму, Кевіна запрасілі ў самую прэстыжную байцоўскую арганізацыю свету ― UFC. У актагоне Кімба Слайс правёў шэсць баёў і здабыў чатыры перамогі. Аднак у выніку быў звольнены. Тым не менш, вулічны баец праводзіў і прафесійныя матчы па боксе. Здабыў сем перамог запар. Хоць, зразумела, такіх моцных сапернікаў, як Усцінаў, у амерыканца не было ніколі.

На спартовых форумах мінскага байца крытыкуюць за тое, што пагадзіўся на авантурны двубой.

“Мы скасавалі стасункі з кампаніяй K2 Promotion то бок братамі Клічко. Яны не выконвалі сваіх абавязальніцтваў. Там, груба кажучы, Сашу прытрымлівалі. Цяпер спрабуем працаваць з новым прамоўтарам. расіянінам Уладзімірам Хруновым, ― тлумачыць сітуацыю Уладзімір Задзіран, трэнер Усцінава. ― Былі прапановы і ад іншых прамоўтараў, але спыніліся на расійскім. І вось першая ад яго прапанова. Пагадзіліся на бой таму што Саша даўно не выступаў”.

Нагадаем, што цягам усёй сваёй баксёрскай кар’еры Аляксандр Усцінаў перамог у 27 двубоях і пацярпеў толькі адно паражэнне ў 2012 годзе. Сёлета ў ліпені ён паехаў спарынгавацца са знакамітым брытанцам Дэрэкам Чысорам, які рыхтаваўся да бою з яшчэ адной зоркай ― Тайсанам Ф’юры. Але за лічаныя дні да бою Чысора зламаў на трэніроўцы руку. Мінскі гігант выклікаўся замяніць траўмаванага баксёра, але ў дзень бою Ф’юры так і не выйшаў на рынг, матываваўшы, што перажывае з-за хваробы свайго дзядзі Х’ю.

Аляксандру Усцінаву 38 гадоў, нарадзіўся ён у вёсцы Павутава ў Расіі. Быў амапаўцам, браў удзел у чачэнскай вайне. Ва ўзросце 25 гадоў у Навасібірску Аляксандр пазнаёміўся з беларускім трэнерам Уладзімірам Задзіранам, кінуў службу і пераехаў у нашу краіну. Тут, па вялікім рахунку, атрымаў байцоўскую адукацыю, ужо праз год трэніровак стаў чэмпіёнам свету па муай-тай.

Сем гадоў таму баец пачаў шукаць шчасця ў прафесійным боксе. Браты Клічко ўзялі Усцінава пад сваю апеку. Паралельна Аляксандр атрымліваў у Мінску вышэйшую адукацыю. Цікава, што аднойчы мінскі гігант зняўся ў кліпе гурта “Ляпіс Трубяцкі”.

Ведаючы схільнасць маскоўскіх прамоўтараў усяляк афішаваць “расійскасць” сваіх байцоў, цікавімся ва Уладзіміра Задзірана, пад якім сцягам будзе выходзіць у рынг Усцінаў.

“Гэтую тэму мы пакуль не абмяркоўвалі. У любым выпадку, Саша будзе прадстаўляць дзве краіны адразу, ― кажа на развітанне трэнер. Ён з’яўляецца грамадзянінам Расіі, а жыве і трэніруецца ў Беларусі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі