Мінскае "Дынама" прайграла "Лакаматыву" першы матч плэй-оф (відэа)

Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі "Лакаматыву" першы матч плэй-оф Кубка Гагарына — 1:2 (0:0, 0:0, 1:2). Гульня прайшла ў аўторак у Яраслаўлі. У першыя два перыяды закінутых шайбаў не было, ішла зацятая барацьба, больш момантаў мелі гаспадары пляцоўкі. У трэцім перыядзе "Лакаматыў" выйшаў наперад, вызначыліся Ягор Каршкоў (45-я хвіліна) і Петры Кантыёла (49-я, у большасці). Аднак Мэт Элісан на 52-й адыграў адну шайбу. "Дынама" спрабавала выратаваць гульню, было шмат атак, але мінчукам не хапала дакладнасці ў іх завяршэнні і ўдачы.

У чацвер, 23 лютага, каманды правядуць чарговы матч у Яраслаўлі. Як вядома, серыя працягнецца да чатырох перамог "Дынама" ці "Лакаматыва".