Вы тут

Мінск прэтэндуе на правядзенне Суперкубка УЕФА

Стадыён "Дынама" падчас Еўрапейскіх гульняў 2019 / Еўрарадыё

Беларусь прэтэндуе на тое, каб правесці ў Мінску Суперкубак УЕФА. У цяперашні час гэтае пытанне абмяркоўваецца.

"Мы зробім гэта не горш, чым найлепшыя сталіцы нашага кантынента", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 верасня на сустрэчы з прэзідэнтам УЕФА Аляксандэрам Чаферыным.

Кіраўнік Беларусі падзякаваў УЕФА за падтрымку футбола ў Беларусі, асабліва адзначыўшы дзіцячы спорт. У той жа час ён заўважыў, што буйныя футбольныя мерапрыемствы ў нас пакуль не праводзіліся: "Таму калі Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый у гэтым напрамку будзе думаць, ведайце, што мы гатовыя прыняць любыя спаборніцтвы, на любым узроўні, што тычыцца нашага кантынента".

Аляксандр Лукашэнка і Александер Чаферын / Прэс-служба прэзідэнта Беларусі

Потым Аляксандр Лукашэнка назваў футбол сваім любімым відам спорту, а славенскі функцыянер Чаферын адказаў, што заўтра Беларусь і УЕФА пачынаюць новы этап супрацоўніцтва: "Я рады бачыць, што ў Беларусі спорт атрымлівае такую падтрымку. І асабліва рады за футбол, вядома".