Мінкульт: Каб не лічылі дармаедам, рокер можа атрымаць статус творчага работніка

Мінкульт: Каб не лічылі дармаедам, рокер можа атрымаць статус творчага работніка

Праект Кодэкса аб культуры ў першым чытанні разглядалі 3 снежня дэпутаты парламента. З трыбуны Авальнай залы прадстаўляе яго першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Вуха чапляецца за фразу пра тое, што ў адпаведнасці з нормамі новага Кодэкса нават тыя творцы, якія не з’яўляюцца сябрамі нейкіх творчых саюзаў, маюць магчымасць пазбегнуць пагрозы трапіць у ганебны спіс “дармаедаў”. І не плаціць прадугледжаныя адпаведным прэзідэнцкім Дэкрэтам падаткі.

Чыноўніца Мінкульта коратка кажа, што будзе створана адмысловая камісія. Яна і вырашыць – ці варты, да прыкладу, рок-музыкант называцца творцам, а не дармаедам. Але што для гэтага патрэбна?

Ірына Дрыга: Зараз у адпаведнасці з артыкулам 16 дзеючага закона “Аб творчых саюзах і творчых работніках”статус творчага работніка пацвярджаецца творчымі саюзамі для сваіх сябраў, а для тых творчых работнікаў, якія не з’яўляюцца сябрамі творчых саюзаў, пацвярджаецца экспертнай камісіяй, якая створаная пры Міністэрстве культуры, па пацвярджэнні статуса творчага работніка. Гэтая норма закона перайшла ў Дэкрэт кіраўніка дзяржавы, які вобразна называюць Дэкрэт “Аб дармаедах”. Таму пад гэтыя два дзеючыя дакументы было абноўлена палажэнне аб гэтай камісіі, адноўлены склад гэтай камісіі. Калі Кодэкс аб культуры будзе прыняты, то патрэба ў зборнай камісіі адпадзе: любы чалавек, які лічыць сябе прафесійным творцам, зможа звярнуцца ў адпаведны творчы саюз, дзе яго кваліфікаваныя калегі, творцы, вызначаць: ці з’яўляецца ён прафесійным творчым работнікам, ці гэта проста яго аматарская дзейнасць, яго хобі.

Еўрарадыё: Ты я ж рок-музыканты і альбомы выпускаюць, і канцэрты граюць, але сябрамі творчых саюзаў часцей за ўсё не з’яўляюцца – як ім пазбегнуць Дэкрэта “аб дармаедах” сёння?

Ірына Дрыга: У дзеючай сёння экспертнай камісіі няма ніякіх абмежаванняў па музычных жанрах. Эстрадныя выканаўцы прадстаўлялі вынікі сваёй творчай дзейнасці. Але тут ёсць пэўныя ўмовы: гэта павінна быць прафесійная творчая дзейнасць, і па пастанове Урада яны павінны прэзентаваць недзе публічна вынікі сваёй творчай дзейнасці. Ёсць нават адпаведныя патрабаванні – колькі разоў цягам апошніх трох гадоў гэтыя вынікі павінны быць прэзентаваныя. І другая ўмова: абавязкова гэтыя вынікі творчай дзейнасці, іншая інфармацыя пра творчасць музыканта накіроўваецца на экспертызу, і не менш двух экспертных заключэнняў павінна быць.

Еўрарадыё: А хто эксперты?

Ірына Дрыга: Экспертамі выступаюць прадстаўнікі нашых творчых саюзаў, вышэйшых навучальных устаноў сферы культуры, Нацыянальнай акадэміі навук. Яны глядзяць на тое, ці сапраўды з’яўляюцца гэтыя творы прафесійнай творчай дзейнасцю. Таму, калі годна прэзентуюць сваю творчасць… Камісія ў нас дае кожнаму прэтэндэнту на атрыманне сертыфіката прадставіць сябе.

Еўрарадыё: “Прадставіць вынікі творчай дзейнасці” – як канкрэтна?

Ірына Дрыга: Аўдыёзапісы, дыскі, нават былі выпадкі, калі жыўцом выконваліся творы на камісіі. І потым выступаюць нашы эксперты. Калі камісія прагаласуе – яны могуць атрымаць сертыфікат. Калі вынікі творчай працы, якія яны прадставілі, будуць прызнаныя недастаткова прафесійнымі – тады камісія можа прыняць і адмоўнае рашэнне. Таму я і кажу: жанравых абмежаванняў няма, але ёсць даволі высокія патрабаванні да прафесійнага ўзроўню твораў. Калі гэта адпавядае заканадаўству, калі гэта падтрымліваецца экспертамі – так. Калі выявіцца, што слабавата, то – выбачайце. І не шукайце тут ніякіх пабочных прычын – выключна прафесіяналізм.

Еўрарадыё: Музыканты выпусцілі альбом, які карыстаецца папулярнасцю і попытам, зрабілі яго прэзентацыю ў клубе, выступаюць з канцэртамі, якія збіраюць публіку – гэта аргумент на іх карысць для сябраў камісіі?

Ірына Дрыга: Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна на падставе заявы, на падставе прадстаўленых вынікаў творчай дзейнасці. Таму, казаць зараз агулам: з’яўляецца ці не з’яўляецца, думаю, было б няправільна. Калі ў вас ёсць канкрэтныя прэтэндэнты, то парайце ім пачытаць пастанову Урада (Палажэнне “Аб камісіі аб наданні статусу творчага работніка” – Еўрарадыё), якія ёсць патрабаванні да прадстаўлення дакументаў у камісію і прадставіць. А там ужо будзе разглядаць камісія ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі