Міністр транспарту тлумачыць, чаму з Вільні ды Кіева лётаць танней, чым з Мінска

Міністр транспарту тлумачыць, чаму з Вільні ды Кіева лётаць танней, чым з Мінска

"Чаму нашым грамадзянам выгадней лётаць з Вільні, Кіева, Варшавы, а не з Мінска?" — абураецца кіраўнік дзяржавы падчас выступу ў Авальнай зале і глядзіць у бок міністра транспарту і камунікацый Анатоля Сівака.

“Таму, што там лётаюць у асноўным лоўкост-кампаніі. А “Белавія” сёння гэты прынцып лоўкост-кампаніі не прымяняецца, — тлумачыць міністр Еўрарадыё. — Да ўсяго, рахункі, якія выстаўляе віленскі аэрапорт авіякампаніі, мінімальныя. Па словах былога міністра транспарту Літвы, яны датуюць гэты аэрапорт. Мы сёння не датуем ніводным рублём з бюджэту наш нацыянальны аэрапорт. Гэта адна з прычын”.

У Беларусі кошты на паслугі нацыянальнага аэрапорта рэгулююцца МАРГам (Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ― Еўрарадыё).

“І там ніякіх дамоўленасцяў наконт таго, каб зменшыць кошты ніжэй сабекошту ці давесці іх увогуле да нуля быць не можа ― яны (кіраўніцтва Нацыянальнага аэрапорта “Мінск-2” ― Еўрарадыё) не могуць гэтага зрабіць ва ўмовах існуючага коштаўтварэння. Таму і не ляціць да нас ніякая лоўкост-кампанія. Бо сам прынцып лоўкоста мае на ўвазе мінімізацыю выдаткаў, а значная частка расходаў гэта паслугі аэрапорта”.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што прэтэнзіі кіраўніка краіны да вашага міністэрства неабгрунтаваныя?

Анатоль Сівак: Не, ну чаму вы кажаце, што неабгрунтаваныя. Я чую гэту сітуацыю не толькі з таго боку, як вы яе чуеце. У нас на сёння няма транскантынентальных пералётаў, у нас няма вялікіх самалётаў. А звязана гэта з тым, што існуючая паласа мае абмежаванне па пасадцы цяжкіх самалётаў. Па разліках, такіх пасадак можа быць толькі 70 у год. А з уводам такой паласы гэта абмежаванне адпадзе, і зможам весці перамовы, каб стаць хабам не толькі рэгіянальным, але і міжкантынентальным ― для пасажыраў з ЗША і Кітая, да прыкладу”.

Адным аэрапортам прэтэнзіі Лукашэнкі да Міністэрства транспарту і камунікацыі не абмяжоўваюцца. Кіраўнік краіны ўзгадвае выпадкі карупцыі ў мінтрансе і наўпрост кажа, што сур’ёзна думае над магчымасцю адпраўкі Анатоля Сівака ў адстаўку.

Кіраўнік краіны кажа пра затрыманага за хабар начальніка Дэпартамента па авіяцыі Уладзіміра Косціна.

Міністр прызнаецца, што чуць словы пра адстаўку было непрыемна.

Анатоль Сівак: “І сам факт, які здарыўся з кіраўніком Дэпартамента па авіацыі — гэта пэўны шок, і сённяшняя інфармацыя…”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі