Міністр інфармацыі: Сацсеткі — гэта не СМІ

Міністр інфармацыі: Сацсеткі — гэта не СМІ

Сацсеткі не з'яўляюцца сродкамі масавай інфармацыі. Такое меркаванне выказала журналісту Еўрарадыё міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

Блогераў міністр вызначыла як "людзей з амбіцыямі журналістаў". Але заўважыла: у Беларусі яны не лічацца прадстаўнікамі прэсы.

"Ці трэба іх рабіць журналістамі? Я не ўпэўненая ў гэтым, — працягнула Лілія Ананіч. — Калі чалавек публікуе нейкія свае ўражанні, мае кола з дзесяці ці ста сяброў, мне здаецца, гэта ўсё ж такі не журналістыка.

Але калі чалавек мае амбіцыі журналіста (не грамадзяніна, а менавіта журналіста), і хоча сваімі публікацыямі фарміраваць меркаванні па шырокім коле пытанняў, і гэта тычыцца не толькі яго атачэння, а ўвогуле...

У Расійскай Федэрацыі, напрыклад, заканадаўча вызначана, што калі ў блогера больш за тры тысячы сяброў, Раскамнагляд аўтаматычна ўключае яго сайт у пералік рэсурсаў, на якія распаўсюджваецца дзеянне заканадаўства аб СМІ.

Мы сёння ў гэтым накірунку можам разважаць. Але скажу, што на маім працоўным стале не ляжаць падобныя нарматыўныя акты.

Неабходнасці ў іх няма".

На прамое пытанне, ці з'яўляюцца ўсё ж такі сацсеткі сродкамі масавай інфармацыі, міністр адказала: "Не, сацсеткі — гэта не СМІ".

Меркаванне міністра не перашкаджае беларускай міліцыі затрымліваць блогераў і складаць на іх пратаколы за выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Так адбылося ў Оршы, дзе блогерка Юлія Гранкова была затрыманая, калі вяла відэатрансляцыю з прытулку для бяздомных жывёл на сваёй старонцы ў "Аднакласніках". Суд падтрымаў міліцыю, і аштрафаваў блогерку на 20 базавых велічынь (каля $250).

Лілія Ананіч нагадала, што карыстальнікі інтэрнэта нясуць адказнасць за дэструктыўныя, парнаграфічныя, экстрымісцкія публікацыі і іншыя парушэнні беларускага заканадаўства: "Тут патрэбная самарэгуляцыя. Ці трэба перапошчваць карцінку парнаграфічнага зместу, заклікі за суіцыду, да ўжывання наркотыкаў? Калі вельмі хочацца — нясі адказнасць".

Па словах міністра, на сёння ў Беларусі заблакавана 138 інтэрнэт-рэсурсаў. 28 з іх — як экстрымісцкія, па рашэннях судоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі