Дакумент: Беларускія карыстальнікі сацсетак апынуліся па-за законам

Дакумент: Беларускія карыстальнікі сацсетак апынуліся па-за законам

Аршанскі суд аштрафаваў Юлію Гранкову на 460 рублёў ($242 па курсе на 12 красавіка 2017) за відэастрым у "Аднакласнікі" з прытулку для сабак. Суддзя Алеся Дранькова палічыла, што валанцёрка “незаконна вырабляла і распаўсюджвала пры дапамозе мабільнага тэлефона прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі пра ўтрыманне бяздомных у глабальным сеціве "Інтэрнэт", шляхам онлайн-трансляцыі, праз свой акаўнт "Юлія Малышава" у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі"”. Асобна суддзя заўважае, што дакументаў на права вырабляць і распаўсюджваць прадукцыю СМІ дзяўчына не прадставіла.

Сёння тысячы беларусаў не ўяўляюць свайго жыцця без сацсетак. І тут такі сюрпрыз: каб рабіць допісы ў любімыя "Аднакласнікі" (Facebook, "ВКонтакте", Twitter і дзе вы яшчэ там сядзіце), патрэбныя нейкія дакументы! Іначай — парушэнне часткі 2 артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса (КаАП), санкцыя па якім — штраф ад 20 да 50 базавых велічынь. Адзін пост у сацсеткі можа каштаваць як сярэдні беларускі заробак!

Дакумент: Беларускія карыстальнікі сацсетак апынуліся па-за законам
Фота: www.pinterest.com

Суддзя Алеся Дранькова не ўпершыню выпісвае штраф за парушэнне заканадаўства аб СМІ. У верасні 2014 года яна асудзіла за парушэнне артыкула 22.9. КаАП актывістку кампаніі "Гавары праўду" Таццяну Сячко, якая... раскідвала ўлёткі па паштовых скрынях! Міністэрства інфармацыі тады прызнала, што ўлёткі — не прадукцыя СМІ, бо "з'яўляюцца неперыядычным выданнем". Але Віцебскі абласны суд пакінуў пастанову, вынесеную Драньковай, у сіле.

Навошта было стрыміць з прытулку для жывёл?

Аршанскія валанцёры даведаліся, што ў прытулку для бяздомных жывёл, арганізаваным пры тамтэйшай аўтабазе, сабакі ўтрымліваюцца ў дрэнных умовах. Каб упэўніцца ў гэтым, 21 сакавіка Юлія Гранкова і яшчэ шасцёра валанцёраў прыйшлі на аўтабазу. Аб'ект знаходзіцца пад аховай, але дзяўчына сцвярджае, што вахцёр без праблем прапусціў іх праз шлагбаўм. Тым не менш, нехта выклікаў міліцыю.

"Я пачала здымаць, што адбываецца ў прытулку, бо хацела, каб людзі разабралі адтуль сабак. Калі прыехалі міліцыянты, я ўжо вяла стрым. Яны запатрабавалі, каб я выключыла камеру, але я адмовілася. Перадала тэлефон сяброўцы, а яна ў выніку ўсё ж спыніла трансляцыю — таму і пра тое, што мы не падпарадкаваліся, казаць не выпадае. Але ў выніку на мяне склалі тры пратаколы: за незаконнае пранікненне на аб'ект, што знаходзіцца пад аховай, за тое, што здымала там, і за супраціўленне", — распавядае Юлія.

Дакумент: Беларускія карыстальнікі сацсетак апынуліся па-за законам
Юлія Гранкова; фрагмент стрыму з прытулку для сабак.

Што менавіта парушыла Юлія Гранкова?

Артыкул 22.9. Адміністрацыйнага кодэкса гучыць як "Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі". У матывацыйнай частцы суддзя спасылаецца на закон аб СМІ, дзе даюцца азначэнні акрэдытацыі журналіста, прадукцыі і распаўсюджвання прадукцыі СМІ.

Закон складзены так, што любыя "інфармацыйныя паведамленні і (ці) матэрыялы, што распаўсюджваюцца праз глабальную камп’ютарную сетку Інтэрнэт", з'яўляюцца прадукцыяй СМІ. Ніякіх выключэнняў для сацыяльных сетак не робіцца. То бок, беларускае заканадаўства можна трактаваць і такім чынам, што "Аднакласнікі", Facebook ды "ВКонтакте" з'яўляюцца самастойнымі медыя.

Дакумент: Беларускія карыстальнікі сацсетак апынуліся па-за законам
Фрагмент матывацыйнай часткі

А калі так, дык гэта не проста медыя, а медыя замежныя: "Аднакласнікі" ды "ВКонтакте" — расійскія, а Facebook — ці то амерыканскае, ці то ірландскае, бо сацсетка мае міжнародную штаб-кватэру ў Дубліне. А каб працаваць у Беларусі на замежныя сродкі масавай інфармацыі, патрэбная акрэдытацыя Міністэрства замежных спраў.

У прэс-службе МЗС на пытанне пра стрым у "Аднакласнікі" не адказалі: маўляў, наша кампетэнцыя — знешняя палітыка Беларусі, а не карыстанне сацсеткамі. Таму пытанне: ці магла б аршанская суддзя Алеся Дранькова аштрафаваць за незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ чалавека, які посціць у твітар-акаўнт беларускага МЗС, ці падпалкоўніка Аляксандра Ластоўскага, які вядзе неафіцыйную твітар-старонку мінскай міліцыі, застаецца адкрытым.

 

Як суддзя абгрунтавала парушэнне?

Пералічыўшы ўсе азначэнні з закона, суддзя проста заключае, што онлайн-трансляцыя "ў адпаведнасці з Законам з'яўляецца прадукцыяй сродку масавай інфармацыі". Факт вядзення стрыму Юлія Гранкова не аспрэчвала. Да таго ж, у "Аднакласніках" застаўся запіс, даступны дагэтуль:

Відэа са старонкі Юліі Малышавай у "Аднакласніках"

З рапарта супрацоўніка міліцыі А.А. Тамашэвіча робіцца выснова, што валанцёрка "не з'яўляецца акрэдытаваным журналістам". У выніку "дзеянні дзяўчыны належыць кваліфікаваць па частцы 2 артыкула 22.9. КаАП".

Дакумент: Беларускія карыстальнікі сацсетак апынуліся па-за законам
Фрагмент матывацыйнай часткі

Улічыўшы, што Юлія Гранкова выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей, ёй далі найменшы магчымы штраф — 20 базавых велічынь.

"Любога чалавека, пост якога не спадабаецца міліцыі, можна прыцягнуць да адказнасці"

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі старшыню "Беларускай асацыяцыі журналістаў" Андрэя Бастунца:

Дакумент: Беларускія карыстальнікі сацсетак апынуліся па-за законам

"Мы наогул супраць прымянення артыкула 22.9. Не важна, супраць журналістаў ці супраць звычайных людзей, — кажа ён. — Што тычыцца гэтай сітуацыі, дык яна абсурдная. Сацыяльнымі сеткамі сёння карыстаецца вялікая колькасць беларусаў. І гаворка ж не толькі пра стрымы. Па такой логіцы, кожнага чалавека, пост якога не спадабаецца міліцыі, можна прыцягнуць да адказнасці".

"Самі па сабе сацсеткі нельга трактаваць, як сродкі масавай інфармацыі. З такім падыходам мы далёка пойдзем", — заключае Андрэй Бастунец.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі