Міністр абароны Украіны патлумачыў, чаму контрнаступленне ідзе не так хутка

Адна з прычын павольнага контрнаступлення — доўгая лінія фронту / facebook.com/GeneralStaff.ua
Адна з прычын павольнага контрнаступлення — доўгая лінія фронту / facebook.com/GeneralStaff.ua

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў прызнаў, што ўкраінскі наступ адстае ад графіка. Але папрасіў "не хвалявацца", бо ўсё ідзе паводле плану. Пра гэта ён казаў у інтэрв'ю CNN. Рэзнікаў назваў памылковым меркаванне, што "кожнае контрнаступленне павінна быць хуткім". Хутка гэтым разам не атрымліваецца, бо "у нас вельмі доўгая лінія фронту. І мы маем супраць сябе вялікую колькасць ворагаў".

"Гэта вайна, а не кампутарная гульня", — адзначыў украінскі міністр абароны. Сярод прычын запаволенага наступу ён назваў сітуацыю з боепрыпасамі і артылерыяй, а таксама расійскія мінныя палі. Украінскія сапёры вымушаныя ўручную размініраваць і пракладаць шляхі. І тут на коне іх жыцці. "Нам трэба вельмі павольна выкарыстоўваць нашых салдат, сапёраў, і вельмі павольна рыхтаваць калідоры для рэальнага наступальнага руху", — сказаў Рэзнікаў.

У гэтым жа інтэрв'ю Рэзнікаў распавёў, што ўзброеныя сілы Украіны працягнуць наносіць удары па акупаваным Крыме і Керчанскім мосце. Паводле яго слоў, гэта павінна знізіць баяздольнасць расіян і дапамагчы выратаваць жыцці ўкраінскіх воінаў. "Гэта нармальная тактыка — разбурыць лагістычныя лініі ворага, каб пазбавіць магчымасці атрымаць больш боепрыпасаў, атрымаць больш паліва, атрымаць больш ежы і гэтак далей. Вось чаму мы будзем выкарыстоўваць гэтую тактыку супраць іх", — дадаў Рэзнікаў.

Нагадаем, сур'ёзныя ўдары па Керчанскім мосце — пераправе паміж Крымам і мацерыковай Расіяй — наносіліся ўжо двойчы. У кастрычніку 2022 года ў выніку выбуху абрынулася частка пераправы. А гэтым летам мост пацярпеў ад атакі дронаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі