Крымскі мост быў атакаваны надводнымі дронамі

Адзін з пралётаў абваліўся / t.me/astrapress/
Адзін з пралётаў абваліўся / t.me/astrapress/

Крымскі мост быў атакаваны надводнымі дронамі. Спачатку з'явілася неафіцыйная інфармацыя, якую пазней афіцыйна пацвердзілі ў Расіі.

"Мост атакавалі з дапамогай надводных дронаў. Дайсці да моста было складана, але ўрэшце гэта ўдалося зрабіць", паведаміла крыніца rbc.ua ў Службе бяспекі Украіны. Сцвярджаецца, што гэта была сумесная аперацыя СБУ і Ваенна-марскіх сіл Украіны. Пра гэта пішуць і іншыя крыніцы. А СБУ жартуе з нагоды здарэння і намякае на свой удзел.

Выбух ці выбухі на Крымскім мосце адбыліся ўначы 17 ліпеня. Рух на ім быў спынены (акрамя чыгуначнага). Акупацыйныя ўлады паведамілі пра пашкоджанае "дарожнае палатно". Сцвярджалася, што апоры ацалелі. Пазней з'явілася фота і відэа з месца здарэння. Адзін пралёт (у накірунку Керчы) пашкоджаны і прасеў на 50 см, іншы пралёт (у бок Тамані) разбураны. Прыпынялася праца паромнай пераправы, цяпер яе выкарыстоўваюць толькі грузавікі.

Падчас выбуху загінула сямейная пара з Белгародскай вобласці РФ, якая ехала на аўтамабілі, іх 14-гадовая дачка ў рэанімацыі.

У РФ распачалі крымінальную справу па артыкуле "тэрарыстычны акт". Адказнасць за яго ўсклалі на ўкраінскія спецслужбы. Сцвярджаецца, што мост атакавалі два беспілотныя надводныя апараты.

У мінулы раз абвал пралёта на Крымскім мосце адбыўся ў выніку выбуху грузавіка з выбухоўкай у кастрычніку 2022-га.

Крымскі мост быў атакаваны надводнымі дронамі
Крымскі мост, 17 ліпеня 2023-га / Telegram
Крымскі мост быў атакаваны надводнымі дронамі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі