Выбухоўка каталася па 5 краінах: смешная версія ФСБ пра падрыў Крымскага моста

Наступствы выбуху на Крымскім мосце / © AFP / Scanpix
Наступствы выбуху на Крымскім мосце / © AFP / Scanpix

ФСБ абвінаваціла кіраўніка ўкраінскай выведкі Кірыла Буданава ў тэракце на Крымскім мосце. Нібыта з дапамогай агентуры з Адэсы ў Расію была дастаўленая выбухоўка. Аднак у версіі ФСБ ёсць нестыкоўкі і падача яе вельмі дзіўная.

Еўрарадыё даведалася, што ў гэтай гісторыі не так.

Што прывяло да выбуху на Крымскім мосце, расказвае ФСБ у прэс-рэлізе без фота і відэа. Паралельна пракрамлёўскія СМІ апублікавалі відэа надгляду машыны ля Крымскага моста і рэнтген машыны, якая нібыта прывезла выбухоўку ў Расію. Выглядае гэта так, быццам гаворыцца пра адну машыну. Але ў машын на відэа і на рэнтгене розная колькасць восяў. Запасныя колы таксама на рознай адлегласці. Відавочна, гэта розныя машыны. У сеціве адразу засмяялі ФСБ, маўляў, не ўмеюць нават карыстацца фоташопам.

Взрывчатка каталась по пяти странам: смешная версия ФСБ о взрыве Крымского моста
У навіне РИА гаворыцца быццам пра адну машыну, хоць яны розныя / РИА Новости

Аднак, калі ўважліва прачытаць прэс-рэліз, то ФСБ усё-ткі гаворыць пра дзве машыны. Зрэшты, сумневы наконт праўдзівасці гісторыі гэта не здымае. Паколькі сама ФСБ не публікавала ніякіх фота, разбяром спачатку прэс-рэліз.
 

Выбухоўка без праблем каталася па пяці краінах

ФСБ сцвярджае, што выбухоўка была адпраўленая з Адэсы ў пачатку жніўня. Яна нібыта была закамуфляваная ў рулоны з будаўнічай поліэтыленавай плёнкай. Усяго 22 палеты агульнай вагой 22 770 кг.

З марскога порта Адэсы груз праплыў у Балгарыю. Адтуль таксама па моры ў Грузію, а потым у Арменію. Там груз быў растаможаны па правілах ЕўрАзЭС, піша ФСБ. Дарэчы, ЕўрАзЭС не існуе. З 2015 года саюз трансфармаваўся і яго замяніў ЕАЭС.

У Арменіі дакументы нібыта падмянілі, каб змяніць адпраўніка і атрымальніка ў Расіі. Далей фура DAF 4, зарэгістраваная ў Грузіі, праехала расійска-грузінскую мяжу і прывезла выбухоўку ў Краснадарскі край Расіі. Мабыць, паводле версіі ФСБ, для гэтага з Арменіі груз паехаў назад у Грузію.

Калі ён усё ж трапіў у Расію 7 кастрычніка, палеты былі перагружаныя ў машыну Махіра Юсубава, які выехаў у Крым 8 кастрычніка. Потым быў выбух на мосце.

Калі коратка, то маршрут грузу выглядаў так: Украіна — Балгарыя — Грузія — Арменія — Грузія — Расія — Крымскі мост.
Выходзіць, што мытня і памежнікі ва Украіне, Балгарыі, Грузіі, Арменіі і Расіі не змаглі знайсці выбухоўку. Прычым у Балгарыі, Грузіі і Арменіі мяжа праходзілася неаднойчы — пры ўездах і выездах.

Калі гаварыць пра Расію, то ФСБ прагледзела фуру з выбухоўкай, якая не толькі прайшла мяжу, але і каталася па Расіі. Пры гэтым ёсць цэлая Памежная служба ФСБ Расіі.

Таксама з версіі ФСБ вынікае, што машыны было ўсё ж дзве. Адна — грузінская, другая — загінулага кіроўцы Махіра Юсубава.

Гэта ўсе тэхнічныя дэталі з прэс-рэлізу ФСБ, якія датычацца непасрэдна грузу.
 

Пракрамлёўскія СМІ заблыталіся або заблыталі?

Яшчэ дэталяў дадалі пракрамлёўскія СМІ. Яны і апублікавалі рэнтген машыны і відэа вельмі кароткага надгляду на Крымскім мосце. "РИА Новости" піша проста пра "абнародаванне" кадраў незразумела кім. "Московский комсомолец" спасылаецца на ФСБ, але спасылку на крыніцу не дае. Гэтыя публікацыі і выклікалі жарты на адрас ФСБ.

Другую фуру ўсё ж паказаў "Первый канал". Нібыта гэтая грузінская машына і праходзіла рэнтген на расійска-грузінскай мяжы. Яна падобная да той, што паказаная на рэнтгене. Акрамя таго, гэта фура DAF, як сказана ў прэс-рэлізе ФСБ.

Взрывчатка каталась по пяти странам: смешная версия ФСБ о взрыве Крымского моста
Фура, якая быццам увезла выбухоўку ў Расію / 1tv.ru

Тут звяртае на сябе ўвагу, што ўсю карцінку паказваюць менавіта праўладныя СМІ са спасылкай на ФСБ. І зроблена гэта даволі заблытана. НТБ наогул піша, што "ФСБ апублікавала рэнтген-здымак фуры, якая выбухнула на Крымскім мосце". Гэта значыць, не той, якая праходзіла мяжу і якой павінен адпавядаць рэнтген. Ці то прапагандысты не так зразумелі ФСБ, ці то не ўзгаднілі версіі.

Яшчэ, па звестках ФСБ, выбухоўка ў машыне была замаскаваная пад рулоны з будаўнічай плёнкай. Варта адзначыць, што размешчаны яны вельмі дзіўна.

Взрывчатка каталась по пяти странам: смешная версия ФСБ о взрыве Крымского моста
Рэнтген машыны з "выбухоўкай" / Московский комсомолец

На рэнтгене відаць, што рулоны размешчаны ў стосы перпендыкулярна сценкам фуры. Таксама паміж імі вялікая адлегласць. Незразумела, навошта і як размяшчаць рулоны такім чынам. Трэба было зрабіць шмат намаганняў, каб замацаваць іх у такім становішчы. Інакш і рулоны, і выбухоўка будуць "ездзіць" па фуры. Як бутэлька на транспартнай стужцы ў краме, калі пакласці яе ўпоперак стужкі, а не ўздоўж.

Улічваючы, што вельмі дзіўным чынам выбухоўка быццам вандравала з краіны ў краіну, узнікае пытанне: а ці быў рэнтген? І, калі ўсё ж быў і рулоны проста вельмі дзіўна стаялі, то, выходзіць, рэнтген рэч даволі бескарысная?

Высновы. ФСБ гаворыць пра два розныя грузавікі. Як яны звязаныя, незразумела. Даволі заблытана фатаграфіі машын, рэнтген і дакументы на перавозкі публікуюць толькі пракрамлёўскія СМІ.

Мяркуючы па расследаванні ФСБ, памежнікі, мытні некалькіх краін і сама ФСБ не ўмеюць працаваць.

Груз на карцінцы ФСБ размешчаны непрактычна, што ставіць пад сумнеў рэальнасць рэнтгену.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі