Міністэрства ЖКГ абяцае не павышаць пакуль тарыфы на ацяпленне

На пачатку ацяпляльнага сезону тарыфы на ацяпленне захаваюцца на ўзроўні студзеня-лютага 2016 года. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 23 верасня заявіў прэс-сакратар Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксціловіч, інфармуе БелаПАН. Ён спаслаўся на ўказ прэзідэнта №107, які вызначыў гранічна дапушчальныя тарыфы на ўсе асноўныя віды жыллёва-камунальных паслуг.

Аксціловіч паведаміў, што на сёння насельніцтва кампенсуе 58% кошту паслуг ЖКГ. У наступным годзе плануецца павысіць гэтую долю да 75%. Па яго словах, гэта будзе дасягацца за кошт зніжэння выдаткаў эксплуатуючымі арганізацыямі на жыллёва-камунальныя паслугі.

Як паведамляла Еўрарадыё, апошні раз ацяпленне даражэла ў студзені 2016 года. Тады павышэнне склала адразу 33%!

Дарэчы, 11 верасня на выбарчым участку Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што сёлета кошт жыллёва-камунальных паслуг павышацца не будзе. Ён нагадаў, што даваў даручэнне павышаць тарыфы не больш як на 5 долараў у год. сёлета гэтая норам, па яго словах, ужо вычарпаная.