Вы тут

Мінгарвыканкам адмовіўся ад праекта хуткаснага трамвая з цэнтра ў Сухарава

Трамвая "Вакзал-Сухарава" ў Мінску не будзе / Еўрарадыё

Мінскія ўлады адмовіліся ад праекта хуткаснага трамвая з цэнтра ў мікрараён Сухарава. Пра гэта заявіў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, перадаюць "Мінск-Навіны".

Па яго словах, праект не знайшоў падтрымкі ў сталічнай улады. Замест трамвая будуць укладаць грошы ў метро, тралейбусы з аўтаномным ходам і электробусы. 

"Трамвай не самае зручнае і эфектыўнае рашэнне, зыходзячы з выдаткаў. Больш перспектыўна развіваць электробусы. Іх у нас вырабляюць адразу два прадпрыемствы — МАЗ і "Белкамунмаш". Да канца года мы разлічваем атрымаць пад іх батарэі большай магутнасці беларускай вытворчасці", — заявіў Кухараў.

Праўда, кіраўнік Мінгарвыканкама не дагаворвае ўсёй праўды. Будаўніцтва хуткаснага трамвая з цэнтра ў Сухарава — гэта быў праект менавіта сталічнай улады. Але — папярэдняй улады. Праект прасоўваў экс-міністр транспарту Анатоль Сівак, калі ўзначальваў Мінгарвыканкам. Ён заяўляў, што праектаванне такой лініі павінна пачацца ў 2020 годзе. 

У верасні 2020-га Сівак пайшоў на павышэнне — стаў віцэ-прэм'ерам. А новае кіраўніцтва сталіцы, як бачым, яго праект не падтрымала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.