Мінгандлю: “Перш чым зменшыцца, цэны ў крамах яшчэ вырастуць”

Чыноўнікі Міністэрства гандлю кажуць, што выбуху росту цэн летась у нас не было. А ў нязначным падаражанні вінаваты рост курсу долара. Праўда, прагназуюць, што і сёлета цэны стаяць на месцы не будуць Падводзячы вынікі працы Міністэрства гандлю ў 2009 годзе, намесніца міністра Ірына Наркевіч заявіла, што значнага росту цэн летась у крамах не было. Прычым, паводле яе слоў, гэта тычыцца як прадуктаў, так і ўсіх астатніх тавараў. Пра гэта яна сказала падчас прэс-канферэнцыі “Аб папярэдніх выніках працы Міністэрства гандлю ў 2009 годзе” 13 студзеня.

Ірына Наркевіч: “Росту цэн такога глабальнага няма. Ні па адной групе тавараў, у прынцыпе. Прадпрыемствы гандлю былі карэктныя, нягледзячы на тое, што з 29 кастрычніка 2009 года былі адпушчаныя цэны. На сацыяльна значную групу тавараў была ўсталяваная надбаўка, якая кантралюецца і рэгулюецца — ад 12 да 30 адсоткаў. Калі гэта свініна, то надбаўка 12 адсоткаў, а калі паўфабрыкат са свініны — то там можа быць 20 адсоткаў. І гэта лагічна. Але выбуху цэн мы не ўбачылі”.

Згодна з яе словамі, індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў снежні 2009 года, у параўнанні з 2008 годам, склаў 109,7 адсоткаў. Атрымліваецца, што ў сярэднім цэны павялічыліся амаль на 10 адсоткаў. Але, кажа Ірына Наркевіч, сапсаваў паказчыкі курс долара. Менавіта з-за яго росту павялічыліся цэны на бензін, машыны і аўтазапчасткі. Што і адбілася на агульным паказчыку.

Ірына Наркевіч: “У студзені-лютым 2009 года каля 20 адсоткаў быў рост курсу долара. Павялічыліся кошты на бензін паводле рашэння ўрада, аўтамабілі, запасныя часткі. І гэта неспажывецкая група тавараў, яна вылучылася. А так, у прынцыпе, сітуацыя роўная”.

А ў якасці доказу таго, што беларусы гэтага росту цэн нават і не заўважылі, расказала пра тое, што ў параўнанні з 2008 годам тавараў людзі летась куплялі больш.

Ірына Наркевіч: “У 2009 годзе памер рознічнага тавараабарачэння склаў каля 55,9 трыльёнаў рублёў. У параўнанні з 2008 годам павялічыўся на 3 адсоткі. Пры гэтым у студзені тэмп росту склаў 104,7 адсоткі”.

Наколькі незаўважным быў рост цэн у 2009 годзе на прадукты харчавання, Еўрарадыё распытала мінакоў на вуліцах Мінска.

Паводле слоў Наталлі Стэфановіч, рост гэты быў і сапраўды не асабліва заўважны. Але толькі таму, што быў ён паступовым.

Наталля Стэфановіч: “Вядома, цэны выраслі. Але калі б яны адначасова выраслі, тады б было страшна. А так яны раслі цягам года па крысе. Але ўсё адно гэта адчувальна”.

Згодная з ёй і яшчэ адна суразмоўца Еўрарадыё Аксана.

Аксана: “Яны выраслі, безумоўна. Але ўсё гэта было паступова, так што… Толькі ўсё адно гэта адчувальна для кішэні”.

Тым часам у Міністэрстве гандлю суцяшаюць, што гэта ненадоўга. І ў хуткім часе цэны мусяць зменшыцца. Праўда, кажа намесніца міністра Ірына Наркевіч, перад гэтым яны яшчэ крыху падрастуць.

Ірына Наркевіч: “Гнуткая сістэма зараз прымянення гандлёвых надбавак. Гэта важна. Магчыма, будзе яшчэ павышэнне цэн нязначнае, але мы павінны ўвайсці ў рынак, павінна быць канкурэнцыя. І, магчыма, будзе зніжэнне коштаў”.

Нягледзячы на прагнозы далейшага павышэння коштаў на тавары і паслугі, у Мінгандлю спадзяюцца сёлета прадаць на 14-15 адсоткаў тавараў больш, чым у 2009 годзе. Пра гэта заявіў начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг міністэрства Артур Карповіч.

Артур Карповіч: “Сапраўды, даведзеныя паказчыкі па рознічным тавараабарачэнні ў 2009 годзе ў поўнай меры выканаць не ўдалося. Што тычыцца 2010 года, то мы плануем тавараабарачэнне выканаць у параўнанні з 2009 годам на 14-15 адсоткаў”.

Але мінчанка ўпэўненая ў марнасці гэтых спадзяванняў чыноўнікаў.

Наталля Стэфановіч: “Калі плануюць, што павялічыцца абарачэнне тавараў беларускай вытворчасці, то цалкам магчыма. Бо на імпарт грошай хапаць не будзе і будуць пераходзіць на беларускія тавары. Але ў прынцыпе… Больш будуць купляць? А за кошт чаго?”.

А вось Аксана кажа, што гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі заробкі людзям павысяць да 500 долараў, як гэта паабяцаў прэзідэнт.

Фота: http://bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі