Вы тут

Мінфін патлумачыў, чаму ўводзяць падатак для ўладальнікаў кватэр

Падатак для ўладальнікаў кватэр плануюць увесці з 2022 года / grandpolis.by

Падатак на кватэру ўводзяць, каб зраўнаваць у правах уладальнікаў кватэр і дамоў, заявіў першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко. Яго словы прыводзіць БелТА.

"Цяпер у нас фізасобы — уладальнікі індывідуальнага жылля з'яўляюцца плацельшчыкамі падатку на нерухомасць, а ўладальнікі кватэр у шматкватэрных жылых дамах яго не плацяць", — нагадаў Кійко. Для ўладальнікаў кватэр захоўваецца падатковая льгота, уведзеная яшчэ ў савецкія часы, калі жылы фонд быў дзяржаўным. Цяпер ён перайшоў у прыватную ўласнасць, "але, тым не менш, патрабуе бюджэтных выдаткаў па абслугоўванні", адзначыў Кійко.

Таму, паводле яго слоў, "у мэтах выраўноўвання падатковай нагрузкі паміж грамадзянамі і павышэння рэсурснай базы мясцовых бюджэтаў прапануецца гэтую льготу адмяніць".

У цяперашні час падатак на нерухомасць плацяць ўладальнікі другой і наступных кватэр. З 2022 года Мінфін прапанаваў ўвесці падатак для ўсіх уладальнікаў кватэр. Плацёж будзе залежаць ад горада і тыпу жылля. Паведамлялася, што ў сярэднім сума падатку па стандартнай кватэры ў Мінску складзе 50 рублёў у год, у рэгіёнах — 25 рублёў. Ад яго выплаты вызваляць толькі пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных сем'яў і маламаёмных грамадзян.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.