Вы тут

Мінфін адказаў Fitch наконт ацэнкі крэдытнага рэйтынгу Беларусі

Фота носіць ілюстрацыйны характар / Office Life

Мінфін пракаментаваў публікацыю рэйтынгавага агенства Fitch пра магчымы дэфолт па еўрааблігацыях. Да такога меркавання агенства прыйшло пасля таго, як беларускія ўлады вырашылі, што плацяжы ў доларах ЗША па еўрааблігацыях будуць пераводзіцца ў беларускіх рублях на рахунак у "Беларусбанку". 

У міністэрстве фінансаў заявілі, што агентства суб'ектыўна падыходзіць да ацэнкі крэдытаздольнасці краіны.

"У межах правядзення агляду крэдытнага рэйтынгу Беларусі рэйтынгавым агенцтвам Fitch былі праігнараваныя падрабязныя тлумачэнні і аргументаваная просьба Міністэрства фінансаў аб поўным і ўсебаковым аналізе сітуацыі з ажыццяўленнем плацяжоў па еўрааблігацыях. Абставіны, якія склаліся, на нашу думку, паказваюць на суб'ектыўны падыход у ацэнцы крэдытаздольнасці Рэспублікі Беларусь з боку рэйтынгавага агенцтва Fitch", — гаворыцца ў паведамленні.

Цяпер, паводле Мінфіну, Беларусь мусіць "выбіраць альтэрнатыўныя варыянты выканання абавязацельстваў па еўрааблігацыях перад трымальнікамі, бо сітуацыя па сваёй сутнасці з'яўляецца форс-мажорнай". Маецца на ўвазе адмова Citigroup і іншых партнёраў пасля прагнозу Fitch працаваць з беларускімі еўрааблігацыямі.

Калі плацяжы па еўрааблігацыях не будуць выкананы на першапачатковых умовах да канца льготнага перыяду — 13 ліпеня, Fitch будзе лічыць гэта "дэфолтам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.