Вы тут

Мінчука Леаніда Кулакова за малітву аштрафавалі на больш як 1000 рублёў

Леанід Кулакоў / Белсат

Мінчука Леаніда Кулакова асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Суддзя Валерый Есьман аштрафаваў яго на 1147,5 рубля (45 базавых велічыняў), перадае "Белсат".

Нагодай стаў удзел актывіста ў малебне каля Свята-Духава сабора ў цэнтры Мінска 7 красавіка. На гэтую акцыю пасля зносу крыжоў у Курапатах заклікаў сабрацца Мікалай Статкевіч. Кулакоў прыйшоў на малебен з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.

"У пратаколе было напісана, што мітынгаваў у несанкцыянаваным месцы, а на судзе амапавец сказаў, што я нічога не рабіў, проста стаяў маліўся. Дык што, цяпер вернікі не могуць маліцца каля касцёла? Можа, выклікаць святароў і запытаць, дзе можна маліцца, а дзе нельга?" — распавёў Кулакоў свае ўражанні ад суда.

Ён намераны абскарджваць прысуд.

Дарэчы, такі ж пратакол, як і на Кулакова, быў складзены на актывіста Яўгена Афнагеля.