Мінадукацыі пра кадэтаў з “Пагоняй”: Пытання аб адлічэнні не было

Мінадукацыі пра кадэтаў з “Пагоняй”: Пытання аб адлічэнні не было

Мінадукацыі пракаментавала выпадак з кадэтамі Брэсцкай абласной вучэльні, якія сфатаграфаваліся ў майках з “Пагоняй”.

Чыноўнікі запэўнілі, што ніхто іх адлічваць не збіраўся. Адзінае парушэнне кадэтаў ― у форме, бо яна прадугледжвае майку зялёнага колеру. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве міністэрства:

“Пытанне аб адлічэнні навучэнцаў ні адміністрацыяй вучэльні, ні заснавальнiкам (упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама) не разглядалася. Адукацыйны працэс у вучэльні ажыццяўляецца ў звычайным рэжыме. Афіцыйныя геральдычныя сімвалы Брэсцкай абласной кадэцкай вучэльні ўнесеныя ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь 25 кастрычніка 2011 года. Форменнае адзенне навучэнцаў прадугледжвае нашэнне майкі зялёнага колеру. Правіламі ўнутранага распарадку прадугледжана няўхільнае выкананне патрабаванняў да вучэбнай формы".

Гісторыя кадэтаў, якія апранулі "Пагоню"

Удзень 16 кастрычніка ў адной з самых буйных суполак у сацсетках з'яўляецца фотаздымак чатырох навучэнцаў 3 курса Брэсцкай абласной кадэцкай вучэльні, пад формай у якіх ― майкі з гербам "Пагоня" (дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь 1991-1995 гг., у цяперашні час мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці).

Гэты фотаздымак адразу перадрукавалі ўсе незалежныя СМІ Беларусі. Пад вечар 16 кастрычніка Еўрарадыё ўдалося звязацца з Мікітам ― навучэнцам, які выклаў скандальны здымак. Па яго словах, тады ўсе чатыры кадэты былі пад пагрозай адлічэння.

Неўзабаве акаўнт навучэнца з сацсетак быў выдалены.

17 кастрычніка у знак з салідарнасці з кадэтамі карыстальнікі сацсетак пачалі посціць свае фота з "Пагоняй". Пасля абеду дырэктар установы Аляксандр Калько распавёў tut.by, што нікога не адлічвалі, бо няма за што. А бацькі хлопца, які выклаў здымак, самі забралі сына ― дадому на выхадныя.

У панядзелак, 19 кастрычніка, навучэнец, які выклаў фотаздымак, усё яшчэ не вярнуўся на вучобу. "З вучэльні нікога не адлічвалі", ― паведамілі Еўрарадыё ў Брэсцкім абласным выканкаме.

Тое ж пацвердзіў адзін з навучэнцаў, які таксама быў на нашумелым здымку. Па яго словах, Мікіта, які выклаў фота, на бальнічным.

"Яго сёння няма, ён захварэў. Прыедзе ў сераду ці чацвер. Яго бацькі забралі дакументы. А ўсе астатнія з фотаздымка вучацца".

Пры гэтым карэспандэнтаў у вучэльню не пусцілі. А дырэктар распавёў "Камсамольскай праўдзе", што астатніх хлопцаў могуць пазбавіць адпускнога на выхадных.

Па словах кадэтаў, Мікіта, які выклаў здымак, цяпер думае, ці вяртацца яму. Тым часам дырэктар вучэльні Аляксандр Калько, па інфармацыі "Нашай нівы", прынёс прабачэнні навучэнцам, якія сфатаграфаваліся з нацыянальным гербам, і запрасіў Мікіту вярнуцца.

Фота: vk.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі